Рабочыя аднаго з цэхаў Барысаўскага дрэваапрацоўчага камбіната абвясцілі страйк
Яны патрабуюць выплаты заработнай платы згодна з атрыманымі разліковымі лістамі.

— Пра гэта praca-by.info паведаміў старшыня Мінскай абласной
рэгіянальнай арганізацыі прафсаюза РЭП Мікалай Пахабаў.
— Мне патэлефанавала рабочая аднаго з цэхаў Барысаўскага
дрэваапрацоўчага камбіната, член нашага прафсаюза. Яна распавяла, што людзям выдалі разліковыя лісты, у якіх указана заработная плата каля чатырох мільёнаў, а на рукі яны атрымалі па 600 тысяч.
Кіраўніцтва кажа, што нормы не выканалі, і ў Расіі — святы. Рабочыя
абвясцілі страйк, — распавёў Мікалай Пахабаў.
Карэспандэнт praca-by.info спрабаваў удакладніць інфармацыю ў кіраўніцтва, але ў прыёмнай дырэктара на тэлефонныя званкі не адказваюць.
Пазней стала вядома, што працоўныя цэху перапрацоўкі піламатэрыялаў абвясцілі італьянскі страйк у сувязі з налічэннем за лістапад вельмі нізкай заработнай платы. 11 снежня яны прыйшлі на працу,
але да працы не прыступілі.
praca-by.info