«Роля чалавека-фаталіста». Чалы — аб галоўным страху Лукашэнкі і чырвонай лініі, якая ўжо пройдзеная
Незалежны эканаміст Сяргей Чалы — аб важных момантах «Вялікай размовы».
У чарговым стрыме «Чалы.Live» незалежны эканаміст распавёў аб уласных ўражаннях ад васьмігадзіннага спіча Аляскандра Лукашэнкі, піша «Салідарнасць».
— Вельмі цікава было ўбачыць прамое пацверджанне, з яго ж
вуснаў, яго самага галоўнага страху: «Яны мяне хочуць у Міжнародны трыбунал,
яны мяне хочуць у Гаагу!»
Эканаміст нагадаў, што пра гэта Лукашэнка з відавочным
страхам казаў яшчэ ў маі. Цяпер жа ён спрабаваў выглядаць інакш:
— Цяпер ён спрабаваў гуляць ролю чалавека-фаталіста. Маўляў,
мне ўжо як бы ўсё роўна. Я сваё жыццё ўжо пражыў і што мужык павінен зрабіць
— зрабіў. Расстраляюць не расстраляюць, Гаага не Гаага, санкцыі не санкцыі…
Чалы звярнуў увагу на тое, што падчас «размовы» Лукашэнка
некалькі разоў агучыў заклік да дыялогу:
— Маўляў, хлопцы, схамяніцеся! Ачніцеся, ачніцеся! (Такі
ўзмацняльны абарот). Нам трэба ўзяць галаву ў рукі, нам трэба сесці за стол і
разам вырашаць, як з гэтай сітуацыі выходзіць. Мы перайшлі чырвоную лінію, але
не загналі сябе ў кут.
На думку Чалага, гэты заклік звернуты не толькі да знешніх
гульцоў, але і да самога сябе: не выключана, што Лукашэнка ўсвядоміў сваю
памылку, у першую чаргу гісторыю з каронавірусам, якая стала адной з ключавых
прычын ўспышкі пратэстаў у краіне.
Але пры гэтым ён спадзяецца, што не ўсё яшчэ страчана, што ў кут яго яшчэ не загналі. І ён не падзеліць лёс Кадафі і Хусэйна.