Рух «За Свабоду» стварыў гайд для замежнікаў, якія прыедуць на «Еўрапейскія гульні»
Спіс з пяці найбольш небяспечных і дзіўных забаронаў у Беларусі склаў Рух «За Свабоду», каб папярэдзіць замежных гасцей пра магчымыя незвычайныя сітуацыі пад час «Еўрапейскіх гульняў».

«Беларусы ўжо звыкліся з шэрагам забаронаў, у тым ліку тымі, якія закранаюць іх правы. Але падчас Еўрапейскіх гульняў да нас прыедуць замежныя турысты. Яны з такімі рэчамі не сутыкаліся», — пракаментаваў з’яўленне гайда старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Такім чынам, лічыць палітык, можна ў даступнай форме (гайд існуе як набор картак і пашыранага тэксту) папярэдзіць пра магчымыя непрыемнасці. Акрамя таго, Рух «За Свабоду» імкнецца нагадаць пра тое, што ў Беларусі працягваюцца парушэнні правоў чалавека.
«Мы распачынаем кампанію і заклікаем беларусаў і замежнікаў дасылаць свае гісторыі і публікаваць іх з хэштэгам #welcometobelarus. Па выніках плануем працягнуць публікацыю серыю картак», — дадаў Губарэвіч.
Топ-5 дзіўных забаронаў у Беларусі: На што варта звярнуць увагу замежніку, калі не хочацца патрапіць у непрыемнасці
21-30 чэрвеня ў Мінску пройдуць ІІ Еўрапейскія гульні. У Беларусь чакаецца наплыў турыстаў і спартовых заўзятараў, якія ў Беларусі дагэтуль ніколі не былі. Мы гасцінна вітаем кожнага на беларускай зямлі, але вымушаныя папярэдзіць: у нас ёсць забароны і правілы, якія могуць здзівіць сярэдняга еўрапейца.
1. Скульптура Гарадавога: лепей не падыходзьце і ўжо дакладна не фатаграфуйце і не дакранайцеся

У Беларусі шмат розных помнікаў, каля большасці з іх вы можаце спакойна фатаграфавацца, але пад нечакана пільнай аховай беларускай міліцыі знаходзіцца скульптура гарадавога. За фота з ёй, накідванне на яе фанацкага шаліка ці кепкі і нават за пацалункі вас могуць затрымаць. Апошні такі выпадак адбыўся з турыстамі ў траўні. Міліцыя затрымала іх на тры гадзіны і прымусіла сцерці здымкі.
(скульптура знаходзіцца на вуліцы Гарадскі вал)
2. Спартовым фанатам арганізаванымі групамі па горадзе не хадзіць!

Сабраліся ісці з гульні разам з сябрамі, а яшчэ больш несці спартовую сімволіку? Забудзьцеся! Па беларускіх законах, калі сабраліся больш за 3 чалавекі, — гэта ўжо несанкцыяванае мерапрыемства. Усе ўдзельнікі могуць быць затрыманыя міліцыяй.
Каб ваша прагулка абылася легальна вам трэба за два тыдні падаць заяўку гарадскім уладам і заплаціць міліцыі больш чым 400 еўра за ахову!
3. КДБ сочыць за вамі: фатаграфаваць дзяржаўныя будынкі забаронена

У цэнтры Мінска шмат прыгожых будынкаў, частка з іх дзяржструктураў: адміністрацыя прэзідэнта, КДБ, урад... Фатаграфавацца побач з імі таксама нельга. Затрыманняў за гэта было шмат, напрыклад, аднаго журналіста затрымалі за здымкі будынку Акадэміі навук. У лепшым выпадку вас прымусіць сцерці здымкі, у горшым палічаць замежным шпіёнам.
4. Шукайце лавачку ці памірайце ад стомы: па газонах нельга хадзіць, на іх нельга сядзець і ляжаць, і непажадана стаяць

Мільёны людзей адпачываюць у цэнтры горада на газонах, але толькі не ў Мінску. У нас дазволена адпачываць на траве толькі ў парках, у астатніх месцах да вас можа падыйсці міліцыянт і ў лепшым выпадку зробіць заўвагу.
5. Начныя ператрусы? Гэта Беларусь, дзетка

На час правядзення «Еўрапейскіх гульняў» у Мінску ўведзены спецыяльны рэжым. Так, у гасцініцах ахова можа праводзіць асабісты дадгляд гасцей спартовых мерапрыемстваў, правяраць іх рэчы і дакументы. Беларуская міліцыя агулам мае шырокія паўнамоцтвы: могуць у любы час уварвацца ў любое памяшканне пры падазрэнні, што там адбываецца злачынства.
Гэтыя правілы мы не можам патлумачыць і апраўдаць. Але... цяпер вы трохі разбіраецеся, у якіх умовах даводзіцца жыць беларусам.
pyx.by