Rzeczpospolita: Трэба падтрымаць Украіну зброяй

"Калі Кіеў просіць зброю ў Захаду,— то па-сутнасці, амаль выключна дзеля таго, каб замежную зброю паказаць грамадству як доказ, што Еўропа і свет не кінулі Украіну".



rp.jpg

У нас асаблівы абавязак памагаць Кіеву. Гэтага вымагае ня толькі салідарнасць, але перш за ўсё інтарэс польскай дзяржавы. Украіне патрэбная зброя, а мы можам яе пастаўляць. Дастаткова перамагчы бездапаможнасць і страх.

Крызіс на Украіне не закончыўся. Падзеі апошніх дзён паказваюць, што прыцішаныя пасля менскага пагаднення баі ў любы момант могуць успыхнуць нанова. У трываласць міру ніхто, акрамя некалькіх еўрапейскіх сталіц, не верыць. А калі нават гэтак будзе, то існаванне дзвюх самаабвешчаных рэспублік, узбройваных Расеяй, з'яўляецца ваеннай пагрозай. Нікому нармальнаму гэтая вайна не патрэбная. Ніхто яе не хоча. Асабліва Польшча, якая вельмі балюча спазнала гора вайны, трымае бок тых, хто змагаецца за мір ва Украіне. Аднак нельга верыць ілюзіям. Перспектыва спынення баёў на Украіне ўвесь час далёкая. Дасканала ведаюць гэта ўкраінцы і памалу ўсведамляюць гэта палякі. У меншай ступені гэта разумеюць на Захадзе, які верыць, што Пуціна спыніць поўная капітуляцыя ўладаў Кіева. І таму ўкраінская справа не мае ў ЕС дастатковай падтрымкі. І таму, як кажуць самі ўкраінцы, працуе неафіцыйнае эмбарга на пастаўкі зброі для Украіны.

— Калі ўлады ў Кіеве заяўляюць аб патрэбе паставак зброі з Захаду, — кажа выданню Анджэй Вільк з Цэнтра ўсходніх даследаванняў, — то па-сутнасці, амаль выключна дзеля таго, каб замежную зброю паказаць грамадству як доказ, што Еўропа і свет не кінулі Украіну. Украінскія салдаты маюць чым ваяваць, аднак у іх няма баявога духа і гасне вера, што еўрапейскія сімвалы і гарантыі салідарнасці, якія абаранялі Майдан, маюць якое-небудзь значэнне.

www.radyjo.net