Лукашэнка заклікаў ЕС забыцца аб усіх пытаннях на фоне вайны і міру
Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з намеснікам генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгай Марыяй Шмід аб значнай ролі Беларусі і яе ўнёску ў агульную структуру бяспекі ў Еўропе.
Паводле яго слоў, Беларусь — гэта адно са звёнаў, якое можа адыграць важную ролю ў выбудоўванні бяспечнай Еўропы.
«Пагадзіцеся, што перад пытаннямі вайны і міру ўсе астатнія проста робяцца неістотнымі. У гэтых адносінах краіна, якая знаходзіцца выключна ў геаграфічным цэнтры Еўропы, не можа не быць значнай і не можа не ўплываць на гэтыя пытанні», — сказаў ён, перадае БелТА.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў надзею на пачатак добрага дыялогу ў адносінах па лініі Беларусь–ЕС. Паводле яго слоў, Мінск гатовы да выбудоўвання адносін з Бруселем на раўнапраўнай недыскрымінацыйнай аснове.
У сваю чаргу Хельга Марыя Шмід падзякавала Беларусі за "ўнёсак у вырашэнне вельмі складанага крызісу ў Еўрапейскім рэгіёне". "Мы вельмі ўдзячныя вам за ўсё тое, што вы робіце для вырашэння вельмі складанага крызісу ў нашым рэгіёне", — сказала яна, адзначыўшы, што ЕС хацеў бы выбудоўваць добрыя стасункі з Беларуссю.