Ці пасябруе Еўропа з Лукашэнкам?
Міратворчыя ініцыятывы Лукашэнкі даюць плён. Мала хто сумняваецца ў тым, што "тройка" еўрачыноўнікаў, якая завітала ў Беларусь, у чарговы раз будзе прамацваць глебу для змякчэння ці зняцця некаторых санкцый.
Цягам тыдня ў Беларусі высаджваецца дэсант еўрапейскіх палітыкаў. Да нас прыехалі спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Андрэа Рыгоні, намеснік старшыні Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Сандра Калніэце і намеснік генсека Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельга Шмід. Па некаторых звестках, увесь гэты дэсант прыехаў у краіну па запрашэнні афіцыйнага Мінска.
Першай ластаўкай быў візіт 19–20 лютага ў Мінск міністра замежных спраў Латвіі — краіны, якая зараз старшынюе ў ЕС, — Эдгарса Рынкевічса. Агенцтва Reuters па выніках візіту адзначыла, што гэта «чарговы крок у працэсе, што развіваецца і здольны абярнуцца паслабленнем заходніх санкцый, і нават запрашэннем Лукашэнкі на саміт Усходняга партнёрства ў маі». Reuters у рэдакцыйным артыкуле цытуе Аляксандра Рыгоравіча, які заявіў: «Калі Латвія дапаможа нам больш зблізіцца з ЕС у перыяд свайго старшынства і не толькі, мы вам будзем вельмі ўдзячныя». І адзначае, што гэтыя словы «не засталіся незаўважанымі».
Мала хто сумняваецца ў тым, што гэты дэсант еўрачыноўнікаў у чарговы раз будзе прамацваць глебу для змякчэння ці зняцця некаторых санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска. Тое, што еўрачыноўнікі наведваюць Мінск па запрашэнні афіцыйнай беларускай улады, прадстаўнікі апазіцыі, напрыклад, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лічыць «новым выклікам грамадзянскай супольнасці і прыхільнікам пераменаў». Прынамсі, так ён расцаніў візіт еўратройкі на сваёй старонцы ў Facebook. Праўда, у візітоўцаў запланаваныя сустрэчы і з прадстаўнікамі апазіцыі. І, паводле таго ж Лябедзькі, апазіцыя прапануе Еўропе не рабіць рэзкіх крокаў, прынамсі, да прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць увосень.
Шчыра кажучы размовы пра зняцце санкцый пад уплывам міратворчай дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі падаюцца абсалютна недарэчнымі. Канешне, вельмі добра, што беларускі правадыр прыкладае намаганні па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. Але санкцыі ў адносінах да афіцыйнага Мінска ўводзіліся зусім па іншых прычынах. Напрыклад, Беларусь была пазбаўленая статусу спецыяльна запрошанага ў ПАСЕ з-за таго, што ў выніку рэферэндуму 1996 года быў разагнаны Вярхоўны Савет, і з таго часу ніводныя парламенцкія выбары ў краіне не былі прызнаныя свабоднымі, сумленнымі і дэмакратычнымі. Усе астатнія санкцыі, уключаючы «спісы неўяздных у Еўропу», былі накладзеныя з-за парушэнняў выбарчых правоў, правоў на свабоду сходаў, асацыяцыяў і СМІ. У той жа час да краіны было высунутае і адносна новае патрабаванне па адмене альбо мараторыю на смяротнае пакаранне. Таксама санкцыі ўводзіліся ў сувязі з палітычна матываваным пераследам, палітвязнямі, парушэннем правоў прафсаюзаў, і гэтак далей.
У ніводнай з гэтых сфераў, з якіх узніклі санкцыі да Беларусі, як кажуць у той жа Еўропе, «прагрэсу няма». Дык чаму ж павінна абмяркоўвацца пытанне пра іх адмену альбо зняцце? Вось, напрыклад, Міжнародная арганізацыя працы з-за парушэння правоў прафсаюзаў выключыла Беларусь з сістэмы гандлёвых прэферэнцый. І вяртанне ў гэтую сістэму не разглядаецца да тае пары, пакуль з правамі прафсаюзаў не будзе ўсё нармальна.
Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі расцэньвае візіт, як ён выказаўся, «святой троіцы» «прыкметай працэсу, які называюць пацяпленнем адносінаў з Еўропай». «Пытанне ў іншым: гэтая нармалізацыя адносінаў з Еўропай ідзе на фоне пагаршэння адносінаў еўрапейскіх структураў з Расіяй. Еўрапарламент заўсёды займаў жорсткую пазіцыю ў адносінах да Расіі, а ў Савеце Еўропы Расія на год прыпыніла сваё сяброўства», — адзначае Якаўлеўскі.
Можа, на гэтым фоне пагаршэння адносінаў Еўропы і Расіі, Еўропа ў чарговы раз спрабуе нейкім чынам «аслабіць расійскі ўплыў на Беларусь», альбо «адцягнуць сінявокую ад Расіі»? Менавіта такім чынам у мінулым тлумачылі рознага кшталту захады і спробы змякчэння санкцый у адносінах да афіцыйнага Мінска.
Якаўлеўскі так не лічыць. «Адцягнуць Беларусь ад Расіі немагчыма. Спробы гуляць у такія гульні ёсць, але яны не тое што выглядаюць несур’ёзна. Лукашэнка нікуды Беларусь ад Расіі не адвядзе. Можа быць, пра гэта нехта і марыць у Брусэлі альбо Страсбургу, але з рэальнасцю гэта не мае анічога агульнага», — кажа эксперт.
Ці будуць канкрэтныя вынікі ад візіту еўрапейскай тройкі ў Беларусь? Такія вынікі, па словах Якаўлеўскага, «неадназначныя», і, як ён выказаўся: «Ускрыццё пакажа». «Але спробы прыпудрыць правячы рэжым у Беларусі ідуць, і адназначна я б не казаў пра захаванне альбо адмену санкцыяў. Да адмены справа ідзе. Пасля рукапаціскання Лукашэнкі і Меркель знаходжанне яго пад санкцыямі неяк дзіўнавата. Прычым, гэтае пацісканне адбылося ў яго дома, а не ў яе», — заўважае Якаўлеўскі.
Адзінае, пра што можна казаць з упэўненасцю, — адліга не будзе імгненнай. Той жа Рыгоні, напрыклад, прадставіць паліткамітэту ПАСЕ папярэднюю справаздачу пра свой візіт у Беларусь 18 сакавіка. Калі ён агучыць поўны даклад — невядома. А ўжо калі ПАСЕ прыме па ім рашэнне — дык гэта ўвогуле яшчэ «за гарамі».