Сядзіба БНФ застаецца на Чарнышэўскага да 2017 году

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднання БНФ «Адраджэнне» Аляксей Янукевіч, паміж арганізацыйнымі структурамі БНФ і ЖРЭА Першамайскага раёна Мінску заключаная дамова арэнды памяшкання па адрасе Чарнышэўскага, 3.



xarastvo.jpg

Згодна з умовамі пагаднення, цэнтральны офіс партыі і грамадскага аб’яднання будзе размяшчацца ў гэтым памяшканні да 13 лістапада 2017 году з магчымасцю падаўжэння дамовы і на далейшы тэрмін.
Штаб-кватэра БНФ размяшчаецца ў будынку па вуліцы Чарнышэўскага ад восені 2011 году, калі партыя была пазбаўленая легендарнай Сядзібы БНФ на праспекце Машэрава (вул. Варвашэні), 8. Нагадаем, дамова арэнды старога фронтаўскага памяшкання была скасаваная пасля таго, як сядзіба БНФ сталася цэнтрам салідарнасці і збору дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў пасля драматычных падзеяў прэзідэнцкіх выбараў і Плошчы ў снежні 2010 году.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў у каментары партыйнай прэс-службе, што перамовы наконт падаўжэння тэрміну арэнды памяшкання партыйнай сядзібы ішлі досыць доўга:
— Мы распачалі дзеяньні па падаўжэнні арэнды партыйнай сядзібы ад верасня мінулага году, але давялося чакаць розных узгадненняў, і працэс заняў амаль тры месяцы. Тым не менш, мы, безумоўна, усцешаныя падпісанай дамовай арэнды на тры гады — на бліжэйшыя тры гады сядзіба БНФ на Чарнышэўскага застанецца адным з важных цэнтраў грамадска-палітычнага жыцця ў Мінску. За мінулы год у нашым памяшканні адбылося каля 250 імпрэзаў грамадска-палітычнага ды культурніцкага зместу: прэс-канферэнцыі, семінары, нарады палітычнай апазіцыі, выставы, прэзентацыі гістарычных ды праваабарончых выданняў, сустрэчы моладзі ды акцыі салідарнасці з Украінай, канцэрты забароненых музыкаў. Шмат якія з гэтых мерапрыемстваў, нажаль, не могуць адбыцца ні ў якім іншым памяшканні ў Мінску.
Лідэр БНФ падкрэсліў важнасць грамадскіх ахвяраванняў, якія дазваляюць утрымліваць сядзібу, бо арэндная плата за сядзібу разам з камунальнымі плацяжамі складае больш за паўтары тысячы еўра. «Мы ўдзячныя ўсім грамадзянам Беларусі, якія сваімі ахвяраваннямі на дзейнасць сядзібы дазваляюць нам сплочваць гэтыя выдаткі і падтрымліваць існаванне найбольш вольнай грамадска-палітычнай пляцоўкі ў сталіцы», — сказаў Аляксей Янукевіч.
Заклікаем грамадзянаў Беларусі пералічваць ахвяраванні на дзейнасць ГА БНФ «Адраджэнне»
Рэквізіты:
ГРАМАДСКАЕ АБ’ЯДНАННЕ БНФ «АДРАДЖЭННЕ»
Разліковы рахунак 3015 1001 47004 у банку ААТ «Банк БелВЭБ» філіял Мінскае аддзяленне № 1 код 226
УНП: 100052236
У графе «прызначэнне плацяжу» просім пазначыць:
─ для ахвяраванняў на статутную дзейнасць ─ «бязвыплатны ўзнос»
─ для ахвяраванняў на аплату сядзібы ─ «бязвыплатны ўзнос на аплату арэнды памяшкання»
Шчыры дзякуй за Вашыя ахвяраванні!

narodny.org