Сёння Уладзіміру Караткевічу спаўняецца 85 гадоў

26 лістапада ў Мінску ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а) адбудзецца вечар, прымеркаваны да 85-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. 



karatkievicz_712.jpg

lit-bel.org

26 лістапада адзначаецца 85 гадоў з дня нараджэння славутага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. У розных гарадах Беларусі пройдзе шэраг імпрэзаў, прысвечаных гэтай даце.

Сёння ў Мінску ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а) адбудзецца вечар, прымеркаваны да 85-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Пачатак у 18.30. Уваход вольны.

У вечарыне возьмуць удзел: старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч, першы намеснік старшыні Алесь Пашкевіч, літаратары Уладзімір Арлоў, Анатоль Верабей, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Някляеў, выканаўца ўласных песень Алесь Камоцкі.

Выступіць гурт «Нельга забыць», паведамляе lit-bel.org.

У межах вечара адбудзецца прэзентацыя часопіса «Дзеяслоў» № 78 з публікацыяй раней не вядомых дзённікаў Уладзіміра Караткевіча.

Арганізатар — ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», партнёр — грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!»

У Оршы, на радзіме пісьменніка, адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы Беларускага Саюзу мастакоў "Зямля пад белымі крыламі — 2015", паведамляе Радыё "Свабода". А 16-й гадзіне ў гарадскім цэнтры культуры пачнецца святочны канцэрт, прысвечаны юбілею пісьменніка.

У Гродне ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабора (вул. Акадэмічная, 2) 29 лістапада пройдзе мастацкая культурна-асветніцкая вечарына "Уладзімір Караткевіч і хрысціянства".

Юбілей пісьменніка адзначаць і тэлеканалы. Так, СТВ запусціў у эфіры акцыю памяці, у якой беларускія артысты чытаюць урыўкі з твораў Караткевіча. А "Беларусь-3" з 23 лістапада кожны дзень паказвае мастацкія фільмы і спектаклі паводле твораў пісьменніка.