Смачна і разам адзначыць Дзень Волі плануюць беларусы Варшавы
Беларускі Дом у Варшаве (вул. Вейска 13/3) запрашае 25 сакавіка а 17-й гадзіне на святкаванне Дня Волі. Гэтым разам арганізатары прапануюць адзначыць гэты дзень разам, весела, смачна, па-сямейнаму. Праграма вечара пройдзе пад знакам «Беларуская традыцыйная кухня». Вядоўца вечару — беларуская паэтка, аўтарка і тэлевядоўца "Прывату" на "Белсаце" Валярына Кустава.
Канцэпцыя свята палягае на тым, што кожны жадаючы госць прынясе з сабой не толькі святочны настрой, але і зробленую сваімі рукамі беларускую страву. Кожны зможа не толькі пачаставацца гэтай смакатой, але і аддаць свой голас за самую смачную! Будзе зладжана народнае галасаванне. Кухары трох найлепшых страваў атрымаюць святочныя прызы.
Прыходзіце з дзеткамі, сем'ямі і кампаніямі — для ўсіх знойдзем месца і занятак. І для маленькіх, і для падлеткаў, і для дарослых. Таксама ў праграме — прыемныя нечаканкі. Каталікі, што строга трымаюць пост, шчыра заахвочваюцца прыгатаваць посныя стравы, якія ў іх традыцыйна рабілі ў Вялікую Пятніцу. Бо галоўнае на імпрэзе — усё ж людзе, а не стравы.
Шчыра запрашаем адзначыць разам.