Студэнта пазбавілі інтэрнату за ўлёткі пра працоўны рух
Сацыяльны актывіст Раман Халілаў ужо адседзеў 10 сутак па абвінавачанні ў супраціве міліцыянтам. Сёння яго чакае суд за «захоўванне матэрыялаў экстрэмісцкага зместу».

Да таго ж хлопца, які дагэтуль не меў праблем з вучобай, пазбавілі інтэрнату.
Студэнт 5-га курсу БДУІР Раман Халілаў быў затрыманы 19 жніўня ў інтэрнаце. Супрацоўнікі міліцыі чакалі яго пасля працы, правялі вобшук у пакоі і знайшлі ўлёткі і літаратуру.
«Літаратура іх цікавіла найбольш, — распавядае хлопец. — На мяне склалі пратакол паводле артыкула 23.14, нібыта я супраціўляўся работнікам міліцыі. Але я не
супраціўляўся. Як толькі мне сказалі пайсці з імі, я проста пайшоў. Але на наступны дзень мне суд даў 10 сутак».
Цяпер супраць хлопца ўзбуджаная адміністрацыйная справа паводле артыкула 17.11 «Выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
«Але ніякай экспертызы, каб вызначыць, ці экстрэмісцкая гэтая літаратура, не праводзілася, — кажа Раман. — Напэўна, гэта суд вырашыць».
Паводле гэтага артыкула хлопцу таксама пагражае штраф альбо адміністрацыйны арышт.
Справу Рамана Халілава будуць разглядаць сёння а 15.00 у судзе Савецкага раёну.
svaboda.org