Суд зноў адмовіў Надзеі Дударэнка ў праве на дзяцей
Гомельскі абласны суд 23 мая разгледзеў скаргу жыхаркі Парычаў (Светлагорскі раён) Надзеі Дударэнкі на пастанову суда Светлагорскага раёна і пакінуў яе ў сіле, а скаргу — без задавальнення. Пра гэта паведаміла Надзея Дударэнка.
Дзеці Надзеі Дударэнкі засталіся без бацькоў. Фота belanews.ru
Нагадаем, жанчына спрабуе праз суд аднавіцца ў правах прыёмнай маці і вярнуць пецярых дзяцей, якіх у яе забралі супрацоўнікі аддзела адукацыі ў кастрычніку 2012 года.
Прадстаўнікі аддзела адукацыі гэта растлумачылі тым, што дзецям нібыта не былі створаны нармальныя побытавыя ўмовы (не хапала сталоў для падрыхтоўкі ўрокаў, высока стаялі зубныя шчоткі і г.д.).
Сама Дударэнка ўпэўнена, што дзяцей у яе забралі пасля канфлікту ў школе: дзеці сцвярджалі, што іх біла настаўніца, а прыёмная маці спрабавала абараніць дзяцей і прыцягнуць да адказнасці
настаўніцу.
З маці аддзел адукацыі скасаваў працоўны дагавор ужо пасля таго, як дзяцей забралі. Запіс у працоўнай кніжцы гаворыць, што дагавор скасаваны "ў сувязі з заканчэннем тэрміну". Аднак
згодна з дагаворам чацвярых прыёмных дзяцей жанчына павінна была выхоўваць да 2017 года, яшчэ аднаго хлопчыка — да 2015-га.
Паводле слоў Дударэнкі, яна восем гадоў выхоўвала прыёмных дзяцей і да яе раней з боку ўлад не было прэтэнзій. Праблемы з'явіліся, калі яна пачала скардзіцца на школьную настаўніцу.
Жанчына раней звярталася са скаргай у суд Светлагорскага раёна. Яна прасіла адмяніць рашэнне райвыканкама як незаконнае, аднавіць яе ў правах прыёмнай маці і вярнуць дзяцей, якія цяпер знаходзяцца
ў розных дзіцячых дамах. Адказчыкі — прадстаўнікі аддзела адукацыі хадайнічалі пакінуць скаргу без разгляду, бо, паводле іх слоў, рашэнні райвыканкама маюць права адмяняць вышэйшыя
інстанцыі, але не суд.
Суддзя вынес пастанову пакінуць скаргу Дударэнкі без разгляду, але прапанаваў ёй звярнуцца ў суд з іскавай заявай пра аднаўленне на працы (у якасці прыёмнай маці).
"Я буду абскарджваць далей рашэнне райвыканкама. Я хачу, каб закон перамог, а дзеці набылі сям'ю, якой іх пазбавілі па прыхамаці чыноўнікаў. Мая галоўная мэта — вярнуць
дзяцей у сям'ю, у іх не было мамы, і я стала ім маці, яны мне паверылі", — пракаментавала рашэнне абласнога суда Дударэнка.
Яна звярталася ў розныя інстанцыі, але пакуль безвынікова. "Чыноўнікі мяне папракаюць: навошта вы шум паднімаеце? Але ж гаворка ідзе пра дзяцей, якіх я павінна абараняць, гэта было прапісана і ў маіх абавязках", — лічыць жанчына.
Алена Германовіч, БелаПАН