Траўля белсатаўцаў працягваецца: аштрафаваны Андрэй Толчын

У сюжэце пра саўгас «Рагінь» распавядалася, што ў былым саўгасе-мільянеры бракуе нават паліва на збор ураджаю.



Журналіст Андрэй Толчын. Фота з сайта baj.by

Журналіст Андрэй Толчын. Фота з сайта baj.by

Суддзя Буда-Кашалёўскага раёна Канстанцін Скорын палічыў журналіста вінаватым у парушэнні артыкула 22,9 частка 2 “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.

Паводле інфармацыі Радыё Рацыя, Андрэй Толчын зняў сюжэт пра саўгас «Рагінь». У відэаматэрыяле распавядаецца пра тое, што ў былым саўгасе-мільянеры бракуе паліва на збор ураджаю. Сюжэт трансляваўся на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат».

Андрэй Толчын гаворыць, што пры разглядзе справы былі дапушчаны юрыдычныя памылкі. У пратаколе міліцыянтаў было пазначана, што сюжэт здымалі прыкладна сёмага ці восьмага верасня. Аднак, як сцвярджае Толчын, сюжэт здымалі напрыканцы жніўня.

"Калі б у пратаколе была пазначана гэтая дата, то справу давялося б спыніць па прычыне сканчэння двухмесяцовага тэрміну, цягам якога можна прыцягваць да адказнасці", — адзначае Андрэй Толчын.

1 лістапада ў судзе Буда-Кашалёўскага раёна будуць судзіць кіроўцу Андрэя Толчына Канстанціна Жукоўскага за той жа сюжэт пра саўгас “Рагінь”.

spring96.org