У Астраўцы можа з'явіцца вуліца імя Адама Мальдзіса

Такая прапанова прагучала 5 студзеня падчас пахавання прафесара на яго роднай Астравеччыне, у вёсцы Задворнікі.

imagescms_image_000051908.png

Як піша сайт ostrovets.by, пра гэта выказаўся намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Генадзь Бычко.
— Думаю, будзе правільна, калі адну з вуліц Астраўца мы назавём імем Адама Мальдзіса. Трэба падумаць і пра мемарыяльную дошку ці бюст, прысвечаны нашаму слыннаму земляку, — прапанаваў Генадзь Паўлавіч.
Сябры і паплечнікі Адама Восіпавіча, расказаўшы пра яго неацэнны ўнёсак ў беларускую гісторыю, культуру і літаратуру, падкрэслілі, што найлепшым помнікам Мальдзісу стане перавыданне яго твораў, запіс успамінаў — і сваё слова ў гэтай важнай справе павінны сказаць жыхары Астравеччны, якіх ён так любіў.
Нагадаем, літаратуразнаўца, журналіст, гісторык, пісьменнік Адам Мальдзіс памёр 3 студзеня. Развітанне з прафесарам адбылося 5 студзеня ў мінскім касцёле Святых Сымона і Алены. Пахаваны ён быў у вёсцы Задворнікі на Астравеччыне.