У гродзенскіх універсітэтах увялі абавязковы масачны рэжым. У ГрГУ — сем групаў на каранціне
Універсітэты Гродна ўвялі абавязковы масачны рэжым. Такая санітарна-прафілактычная мера стала абавязковай у сувязі з ростам колькасці выпадкаў каронавіруса ў рэгіёне, паведамляе hrodna.life са спасылкай на праграму «Навіны» на канале «Беларусь 4. Гродно».
Доступ у аўдыторыі без масак забаронены і для студэнтаў, і для выкладчыкаў. Аб гэтым мусяць нагадваць на ўваходзе ў ВНУ.
Групы, у якіх пацвярджаюць хворых на каронавірус, пераводзяць на дыстанцыйнае навучанне на два тыдні. На цяперашні момант у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на каранціне знаходзяцца сем групаў.
Таксама ў анлайн-фармат перавялі лекцыі для патокаў. Заняткі праводзяцца толькі для групаў, у аўдыторыях, разлічаных на 80 чалавек, занятая чвэрць месцаў. Ужывую слухаюць лекцыі першакурснікі — «для адаптацыі да статусу студэнтаў».
Медыкі не выключаюць, што сёлета рост захворвання на грып адбудзецца адначасова з каронавірусам. У Гродне праходзіць кампанія па вакцынацыі супраць грыпу.
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане 6 кастрычніка ў Беларусі пацверджана 81 090 выпадак каронавіруса (394 за апошнія суткі), ачунялі 75 376 пацыентаў, памёрлі 868 чалавек (6 за апошнія суткі).