
Што да арышту жыхаркі Верхнядзвінска, то ёсць дэталі, якія
бянтэжаць і праваабаронцаў, і яе аднадумцаў. Справа ў тым, што 23 і 24
лістапада актывістка некалькі разоў выходзіла на сувязь і прасіла за яе не
хвалявацца. Застаецца незразумелым, ці гэта супакойвала знаёмых сама Валянціна
Болбат, ці нехта рабіў гэта ад ейнага імя з ейнага тэлефона. Бо голасу
актывісткі ніхто не чуў, каб можна было з поўнай упэўненасцю сказаць, што на
сувязі менавіта гэты чалавек. Усе камунікацыі адбываліся пісьмова праз
месенджары. Тэлефон Валянціны Болбат не адказвае з 22 лістапада: на ўсе спробы
датэлефанавацца абанентам паведамляюць, што «няправільна набраны нумар».
Валянціна Болбат — адна з пачынальніц беларускага
дэмаратычнага руху ў 1990-я гады. Яна шмат працавала на карысць развіцця
Верхнядзвіншчыны — ладзіла асветніцкія і культурніцкія імпрэзы, супрацоўнічала
з мясцовымі ўладамі ў галіне аховы здароўя, правоў жанчын і дзяцей,
неаднаразова была незалежнай назіральніцай падчас выбараў розных узроўняў,
дапамагала неабыякавым жыхарам Верхнядзвінска аб'яднацца дзеля
добраўпарадкавання сваіх двароў і навакольных тэрыторый.