У Мінску было затрымана 11 удзельнікаў акцыі памяці загінулага ў Кіеве беларуса

 Адзінаццаць чалавек было затрымана ў Мінску вечарам 23 студзеня пасля акцыі ў памяць загінулага на барыкадах у Кіеве беларуса Міхаіла Жызнеўскага. Пасля ўстанаўлення асобаў і тлумачэнняў іх сталі адпускаць на волю.



zhiznevskiy_245.jpg

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік стваранага грамадскага аб'яднання "Альтэрнатыва" Алег Корбан, актывісты з партрэтам Жызнеўскага прыйшлі да помніка паэту Тарасу Шаўчэнку каля пасольства Украіны. Яны ўсклалі кветкі і паставілі свечкі, праспявалі гімн "Магутны Божа", пасля чаго накіраваліся да метро.

Хутка іх дагналі амапаўцы, якія дзяжурылі непадалёк у аўтазаку, і папрасілі "затрымацца". Затым пад'ехаў мікрааўтобус, які даставіў удзельнікаў акцыі ва УУС Цэнтральнага раёна. Паводле слоў Корбана, пасля акцыі некаторым удалося сысці да ўмяшання міліцыі.


Затрыманых пачалі адпускаць праз тры гадзіны, пасля праверак пашпартных даных і давання тлумачэнняў, з якой мэтай яны знаходзіліся каля помніка. Пратаколы не складаліся.


Міхаіл Жызнеўскі быў забіты падчас сутыкненняў у Кіеве, дзе дэманстранты пратэстуюць супраць прыняцця пакета законаў, што абмяжоўваюць правы і свабоды, а таксама супраць адмовы ўрада падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. 

 
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН