У ЗША адбыліся дэманстрацыі з нагоды 3-й гадавіны разгону Плошчы–2010

21 і 22 снежня адразу ў трох гарадах ЗША прадстаўнікі беларускай дыяспары ўшанавалі падзеі трохгадовай даўніны, калі беларускія афіцыйныя ўлады гвалтоўна стлумілі масавыя пратэсты супраць фальшавання вынікаў выбараў прэзідэнта краіны. Выхадцы з Беларусі выйшлі ў гэтыя дні на вуліцы ў Нью-Ёрку, Філадэльфіі ды Маямі.



06_niu_jork_21_sjnieznia_6.jpg

Салідарнасць беларусаў Амерыкі. Фота Дзмітрыя Шчыгельскіага

21 снежня прадстаўнікі трох беларускіх арганізацыяў выйшлі да штаб-кватэры ААН, каб нагадаць пра тое, што ў Беларусі няма легітымнай улады, а былыя кандыдаты ў прэзідэнты ды іншыя актывісты дэмакратычных сілаў знаходзяцца за кратамі і маюць статус вязьняў сумлення.

Каля 40 прадстаўнікоў Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага згуртавання “Пагоня” і арганізацыі “Беларусы ў выгнанні” выйшлі са сцягамі ды плакатамі на перакрыжаванне 1-й Авеню і 43-й вуліцы ў Манхэттане. Перад прысутнымі выступілі Дзмітры Шчыгельскі, Алла Орса-Рамана, Віктар Едзіновіч, Вячка Станкевіч, Ганна Сурмач і Юрась Зянковіч. Выступоўцы адзначылі важнасць салідарнасці беларусаў усяго свету з суайчыннікамі і, у першую чаргу, з тымі, каго рэжым Лукашэнкі трымае за кратамі, і заклікалі беларусаў за мяжой і на радзіме да аб’яднання дзеля вызвалення краіны ад дыктатуры.
 

22 снежня ў грамадска-культурнай зале Сабору св.Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, што ў Нью-Ёрку, адкрылася фотавыстава, прысвечаная падзеям беларускай Плошчы-2010. Выставу арганізавалі “Беларусы ў выгнанні” і Беларуска-амерыканскае задзіночанне. На адкрыцці выставы прысутнічала былая адвакат кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Марына Кавалеўская, якую беларускія ўлады пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

У той жа дзень, 22 снежня Паўднёва-Фларыдскі аддзел Беларуска-амерыканскага задзіночання правёў сваю акцыю, прысвечаную трэцім угодкам з дня падаўлення мірнай дэманстрацыі нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Акцыя адбылася на галоўнай вуліцы Collins avenue у Sunny Isles Beach, а пасля перанеслася на гарадскі пляж. Мерапрыемства прыцягнула больш за 10 удзельнікаў, неабыякавых да падзеяў тага жудаснага дня. Да акцыі далучыліся таксама беларусы, якія праходзілі побач. Кіроўцы аўтамабіляў, што праяжджалі па Collins avenue, трубілі ў падтрымку. Беларускія і амерыканскія сцягі, агульны плакат акцыі, а таксама палітычныя карыкатуры беларускага мастака Дзмітрыя Багацішчава прыцягнулі ўвагу жыхароў Маямі да Беларусі і яе праблемаў.
 

Тым часам каля Independence Hall у Філадэльфіі, дзе размешчаны The Liberty Bell (Звон Свабоды) адбыўся мітынг мясцовых беларусаў, прымеркаваны да 3-й гадавіны падзеяў 19 снежня ў Менску. Беларуская моладзь сабралася, каб нагадаць пра падзеі 2010 году і выказаць салідарнасць з палітычнымі зняволеннымі. Месцам правядзення акцыі быў абраны адзін з галоўных амерыканскіх сімвалаў барацьбы за незалежнасць — Звон Свабоды.

Выступленні ў Нью-Ёрку, Маямі і Філадэльфіі праходзілі ў рамках сусветнага марафону салідарнасці беларусаў замежжа з суайчыннікамі на радзіме і палітычнымі зняволеннымі, што пакутуюць у лукашэнкаўскіх турмах. Раней аналагічныя акцыі адбыліся таксама ў Вашынгтоне і Лос-Анжаласе (19 снежня), а таксама ў Польшчы (Варшава і Познань), у Кіеве на Майдане Незалежнасці і ў Канадзе (Таронта).

Паводле прэс-рэліза Беларуска-амерыканскага задзіночання

01_nju_jork_21_s_nezhnja_1.jpg

03_nju_jork_21_s_nezhnja_3.jpg

04_nju_jork_21_s_nezhnja_4.jpg

09_nju_jork_21_s_nezhnja_9.jpg

Фота Дзмітрыя Шчыгельскага

11_majam_22_s_nezhnja_1.jpg

13_majam_22_s_nezhnja_3.jpg

Фота Сяргея Волкава

14_f_ladel_f_ja_22_s_nezhnja_4.jpg

15_f_ladel_f_ja_22_s_nezhnja_5.jpg

16_f_ladel_f_ja_22_s_nezhnja_6.jpg

18_f_ladel_f_ja_22_s_nezhnja_8.jpg

Фота Андрэя Цвікевіча