Упраўленне юстыцыі не рэагуе на неправамерныя дзеянні Салігорскага суда
Новы спосаб супрацьдзеяння жадаючым скардзіцца ў Камітэт ААН пачаў дзейнічаць на практыцы. Салігорскі маладафронтавец Андрэй Тычына атрымаў адказ Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкаму на сваю скаргу аб нявыдачы вызначэння Мінскага абласнога суда судом Салігорскага раёна.

Атрыманы адказ маладзён назваў бязглуздзіцай ды чарговай спробай уладаў перашкодзіць яму ў барацьбе за права на свабоду мірных сходаў.
— Хутка будзе ўжо год, як я дамагаюся аднаўлення сваіх правоў, парушаных забаронай правядзення ў траўні 2012 году велапрабегу ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга ды герба “Пагоня”, — кажа Андрэй Тычына. — Адмову Салігорскага выканкаму аб правядзенні мерапрыемства я абскрадзіў у судзе Салігорскага раёна, а пасля і ў Мінскім абласным судзе. Паседжанне апошняга было яшчэ ў жніўні, але да гэтага часу мне наўпрост не аддаюць судовае вызначэнне.
У пошуках праўды маладафронтавец звярнуўся ў Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінаблвыканкаму. У сваёй скарзе на імя начальніка гэтай установы маладзён адзначаў, што нявыдача вызначэння Мінскага абласнога суда пазбаўляе яго магчымасці звярнуцца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН. Аднак атрыманы адказ здзівіў нават дасведчаных праваабаронцаў.
— Адказалі пра тое, аб чым не запытваліся, а пазначаныя ў скарзе запыты наўпрост праігнаравалі, — каментуе сітуацыю салігорскі прадстаўнік “Беларускага Хельсінскага Камітэту па правах чалавека” Леанід Мархотка. — Гэта альбо сведчанне абсалютнай прафесійнай непрыдатнасці супрацоўнікаў упраўлення юстыцыі, у чым я ўсё ж такі сумняюся, альбо наўмысныя дзеянні з мэтай не дапусціць падпадання ў Камітэт ААН яшчэ адной скаргі.
Як адзначаюць у БХК, дадзены выпадак з’яўляецца досыць небяспечным прэцэдэнтам, але казаць пра сістэмны характар такіх перашкодаў пакуль не выпадае.
У бліжэйшы час Андрэй Тычына плануе абскардзіць адказ Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінаблвыканкаму ў Міністэрстве юстыцыі. Таксама маладафронтавец абяцае звярнуцца ў пракуратуру з патрабаваннем прыцягнення да адказнасці ўсіх датычных да зацягвання гэтай справы.