Валянцін Аскірка выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту

У Гродне пасля 10 сутак арышту выйшаў на волю міжнародны сакратар БСДП Валянцін Аскірка, паведамляюць праваабаронцы

askirka_e1637055461858.jpg

Валянцін Аскірка быў затрыманы людзьмі ў цывільным 16 лістапада падчас заняткаў у прыватнай школе, дзе ён выкладаў. 18 лістапада Ленінскі суд Гродна прысудзіў яму 10 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП.

Пра суд не было вядома нават сваякам Валянціна Аскіркі.

У студзені Валянціна Аскірку дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе ў Следчым камітэце. Тады з яго ўзялі падпіску пра неразгалошванне.

Да снежня мінулага года Валянцін Аскірка больш за 20 гадоў працаваў выкладчыкам фізікі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Пасля прэзідэнцкіх выбараў ён атрымаў два папярэджанні і быў звольнены. На знак яго падтрымкі студэнты ініцыявалі збор подпісаў і за некалькі дзён сабралі больш за 300 подпісаў.