Экскурсаводку арыштавалі на 15 сутак за «перашкоду праводзіць ператрус»

У судзе Фрунзенскага раёна ў сераду адбыўся суд над 33-гадовай экскурсаводкай Наталляй Петуховай, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на праваабаронцаў.

f2862b96a996b94d27363b3b6e76c89a.jpg


Жанчыну затрымалі разам з яе сястрой Аленай 23 лістапада пасля ператрусаў у іх кватэрах, якія праводзілі супрацоўнікі КДБ. Вядома, што Алену праз некаторы час адпусцілі, а Наталлю пакінулі за кратамі да суда. У Фрунзенскім РУУСе міліцыянты склалі на Петухову пратакол па арт. 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі»). Яе абвінавацілі ў тым, што яна «адмовілася адчыняць дзверы супрацоўнікам КДБ» і «перашкаджала ім сваім целам праходу ў сваю кватэру».
Падчас судовага пасяджэння Наталля адмовілася ад адваката і ад дачы паказанняў. Выкліканы праз скайп сведка-міліцыянт Сазонаў пацвердзіў, што жанчына адмовілася адчыняць дзверы, але нічога дакладна не памятае, бо «шмат праводзіць ператрусаў за дзень».
Суд прызнаў Наталлю Петухову вінаватай у непадпарадкаванні міліцыі і арыштаваў яе на 15 сутак.