Віцебскі актывіст Барыс Хамайда адмовіўся плаціць за ўтрыманне ў ІЧУ

Ён лічыць умовы ў ізалятары непрымальнымі, а абыходжанне са зняволенымі па палітычных артыкулах — катаваннямі, перадае «Свабода».

hqdefault_22.jpg

73-гадовы грамадскі актывіст, распаўсюднік незалежнай прэсы з Віцебска Барыс Хамайда адбыў арышт у 8 сутак за нібыта несанкцыянаваны адзіночны пікет. Два месяцы таму яго затрымалі каля так званага «сіняга дома», дзе ён распаўсюджваў беларускія выданні пад бел-чырвона-белым парасонам, інфармуе «Радыё Рацыя».
Парасон у яго канфіскавалі, а цяпер з ІЧУ прыйшла афіцыйная папера, што Барыс Хамайда вінны за 8 дзён утрымання пад арыштам 116 рублёў. Плаціць іх добраахвотна мужчына адмовіўся.
Па-першае, ён заявіў пра прынцыповую пазіцыю «не падтрымліваць грашыма дзейны рэжым», па-другое, лічыць, што ўмовы ўтрымання пад арыштам не вартыя такіх грошай.
«Вады няма, унітазам карыстацца немагчыма, і я ніколі б не наеў за 8 дзён на амаль 50 долараў! Акрамя гэтага, яны ж святло на ноч пакідалі, каб катаванні зрабіць палітычным зняволеным. Але электрычнасць жа так не эканоміцца! Плаціць я не збіраюся».
Паводле Барыса Хамайды, у віцебскім ІЧУ беспадстаўна парушаюцца правілы ўнутранага распарадку. Гэта і ўключанае па начах святло, і забарона ляжаць удзень, якая тычыцца таксама выключна палітычных зняволеных. Яму нават не дазволілі чытаць, хаця сябры адмыслова перадалі яму кнігу.
Адмовіўшыся плаціць за ўтрыманне ў ізалятары, Хамайда ўсведамляе, што грошы з яго спагоняць прымусова: у яго і цяпер вылічваюць з пенсіі 20% у кошт штрафу, прысуджанага ў мінулым снежні. Таму цяпер на рукі ён атрымлівае штомесяц усяго каля 300 рублёў.