Віцебскі краязнаўца атрымаў 7 сутак за фота савецкіх салдат

Віцебскага краязнаўцу Віктара Барысенкава асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту за прапаганду нацысцкай сімволікі па арт. 19.10 КаАП.

Віктар Барысенкаў

Віктар Барысенкаў


Як паведаміў Віктар у Facebook, падставай стала архіўнае фота, зробленае ў вызваленым Віцебску ў 1944 годзе. На здымку савецкія жаўнеры трымаюць трафейны сцяг са свастыкай, піша REFORM.by.

«Той факт, што гэта сапраўдная архіўная фатаграфія, якая знаходзіцца ў вольным доступе на дзясятках сайтаў, знятая фатографам-камуністам і прапагандуе наогул подзвіг савецкіх салдат, якія захапілі як трафей сцяг ворага, судом прынята да ведама. Але прысуд абвясцілі, нібы я мацёры неанацыст — 7 сутак адміністрацыйнага арышту», — напісаў краязнаўца.

У допісе ён таксама размясціў спасылкі на адкрытыя крыніцы, што апублікавалі фота, якое стала прычынай арышту. Сярод іх — анлайн-бібліятэка малюнкаў РІА «Навіны», ИноСМИ.ру, сайт расійскага пасольства ў Германіі.