Вязень Аршанскай калоніі Андрэй Федаровіч аб’явіў галадоўку
Вязень Аршанскай выпраўленчай калоніі №8 52-гадовы Андрэй Федаровіч з Мінска аб’явіў галадоўку. Пра гэта карэспандэнту НЧ паведаміла маці вязня 76-гадовая Тамара Федаровіч.
Яна распавяла, што 12 лютага 2010 году яе сын быў асуджаны судом Першамайскага раёна г. Мінска на 9 гадоў зняволення з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за набыццё, перавозку і
захоўванне макавай саломкі ў вялікім памеры — 1,611 кг. (ч.3 арт.328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь).
Як пацвердзіла спадарыня Тамара, яе сын на самой справе быў наркаманам і яна сама ў свой час паставіла яго на ўлік у наркадыспансэры. Аднак апошнія перад судом гады Андрэй Федаровіч ужо не
ўжываў наркотыкі, амаль год працаваў рабочым УП “Зелянбуд” Першамайскага раёна сталіцы, дзе характарызаваўся выключна станоўча і за сваю працу атрымліваў прэміі. Згодна заключэнню
судовай экспертызы, у Андрэя Федаровіча хаця і было ўстрыманне ад наркотыкаў, але залежнасць ад іх захавалася. Вось чаму восенню 2009 года Андрэй Федаровіч і купіў макавую саломку ў бабулі ў адной з
вёсак Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Разам з тым, вязень да суду ніколі не прыцягваўся да адказнасці за распаўсюд наркотыкаў, нават з’яўляючыся наркаманам.
Каментуючы сітуацыю з вязнем Аршанскай калоніі, юрыстка Тамара Сяргей зазначыла, што яна пазнаёмілася з матэрыяламі справы Андрэя Федаровіча, дзе няма ніводнага доказу ягонай
віны ў распасюдзе наркотыкаў. “Прысуд вынесены на аснове не доказаў, а меркаванняў. Таму патрэбная перакваліфікацыя гэтай справы. Аднак на ўсе скаргі Андрэя Федаровіча ў органы суду і
пракуратуры ён атрымлівае фармальныя адпіскі. Вось чаму вязень і пайшоў на галадоўку”, — сказала Тамара Сяргей.