З МДЛУ адлічылі 15 студэнтаў
Студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта паведамілі, што на мінулым тыдні з ВНУ адлічылі 15 чалавек. Прычына, як тлумачаць яны, — удзел у акцыях у ВНУ і падзеі 26-27 кастрычніка.
Паліна Косціна — студэнтка 4-га курса факультэта міжкультурных камунікацый. Дакладней, была ёю да 30 кастрычніка.
— Увечары 29 кастрычніка я пісала курсавую працу, прыкладна ў 22.00 мне сталі тэлефанаваць сябры. Кажуць, у телеграм-каналах з'явіўся спіс студэнтаў, якіх могуць адлічыць з МДЛУ, — вяртаецца да тых падзей суразмоўца. — У пераліку прозвішчаў — маё. Я думаю: як? У мяне ж не было ні вымоў, ні затрыманняў. Выкладчыкі — яны ў нас проста зайкі, сталі спрабаваць нешта даведацца. Але ў выніку раніцай 30 кастрычніка мне набраў дэкан, сказаў, каб я зайшла да яго і азнаёмілася з загадам на адлічэнне. Я стараста, добра стасуюся з рабятамі, таму ў дэканат са мной пайшла вялікая частка групы.
Па словах Паліны, прычыны яе адлічэння дэкан не патлумачыў. У загадзе, які дзяўчына даслала ў рэдакцыю, напісана так: «за неналежнае выкананне абавязкаў навучэнцамі, якое выявілася ў грубым парушэнні загаду рэктара ўніверсітэта ад 24.09.2020 № 226 і Правілаў унутранага навучальнага распарадку, 26 і 27 кастрычніка 2020 года».
— 26 кастрычніка частка нашых рабят хадзіла па калідорах аднаго з карпусоў і запрашала студэнтаў далучыцца да страйку. Мне трэба было дачакацца сяброўку, таму я з імі не пайшла. Да ўсіх я далучылася, толькі калі яны пайшлі ў горад, — гаворыць падзей суразмоўца. — 27-га, я, як звычайна, пайшла на пары. У той дзень адміністрацыя ў мяне, як у старасты, папрасіла даць спісы тых, хто 26-га адсутнічаў на занятках. Я адмовілася. Магчыма, за гэта мяне вырашылі пакараць.
Пры гэтым Паліна не адмаўляе, што і да кастрычніцкіх падзей у яе ўзнікалі непаразуменні з адміністрацыяй факультэта. Адно з іх з'явілася, калі пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі яны з сяброўкай прыйшлі на адну з лекцый у каронах. Другое — калі ў сувязі з пагаршэннем сітуацыі з COVID-19 іх група хацела займацца дыстанцыйна.
— Нам растлумачылі, паколькі хворых няма, перайсці на «аддалёнку» мы пакуль не можам, — кажа дзяўчына.— Нас гэты адказ не задаволіў.
— А што за загад, пра які гаворыцца ў дакуменце?
— Гэта загад аб недапушчальнасці забастовак, акцый ва ўніверсітэце, — тлумачыць дзяўчына. — Я не хаваю, што адразу ўдзельнічала ў мірных студэнцкіх акцыях — прыкладна ў сямі. У сярэдзіне верасня я ўладкавалася на працу. Часу ў мяне практычна не было, і мая актыўнасць завяршылася.
Паліна ведае англійскую і нямецкую мовы. У судзе, распавядае дзяўчына, яна можа абскардзіць загад аб адлічэнні, але рабіць гэтага не будзе. Не верыць, што ёсць шанцы нешта змяніць.
— Некалькі выкладчыкаў хадзілі ў дэканат, каб заступіцца за мяне. Дэкан сказаў, калі я зараз уціхаміруся, то, магчыма, у наступным годзе мяне адновяць. Але я на такое наўрад ці пагаджуся, — кажа Паліна. — Які сэнс? Спачатку мяне паказальна адлічваюць, а потым я павінна яшчэ ў кагосьці прасіць мяне вярнуць? Гэта вельмі дзіўна. Хутчэй за ўсё я паеду вучыцца за мяжу.
Маргарыта Шаўчэнка — магістрантка МДЛУ. Ведае англійскую, іспанскую, японскую і персідскую мовы. Прычыны яе адлічэнні такія ж, як у Паліны. Афіцыйна пра тое, што яе імя ёсць у спісах на адлічэнне, дзяўчыне паведамілі толькі 2 лістапада — патэлефанавала дэкан.
— Хоць сам спіс я ўбачыла ў телеграм-каналах яшчэ ўвечары 29 кастрычніка, — вяртаецца да тых падзей дзяўчына. — Сёння я схадзіла ў адміністрацыю, азнаёмілася з загадам.
— Як вы для сябе разумееце афіцыйныя фармулёўкі, якія значацца ў загадзе на ваша адлічэнне?
— Я ўдзельнічала ў мірных студэнцкіх акцыях, якія праходзілі ў ВНУ, — не адмаўляе Маргарыта. — Плюс 26 кастрычніка мы з рабятамі прайшліся па калідорах корпуса, крычалі: «Далучайся!» Некаторыя сцвярджалі, што мы ўрываліся ў аўдыторыі, але такога не было. 27 кастрычніка, наколькі я ведаю, студэнты з выкладчыкам сапраўды заходзілі ў аўдыторыі. Яны карэктна прасілі хвілінку і актыўна заклікалі «далучацца». Але я тады працавала, таму далучылася ўжо толькі да калоны.
— Ці плануеце аднаўляцца?
— Не, у сувязі з усімі гэтымі падзеямі я і так збіралася адлічвацца.
Паліна Косціна даслала ў рэдакцыю загад на адлічэнне. У ім 14 прозвішчаў студэнтаў і магістрантка Маргарыта Шаўчэнка. TUT.BY звярнуўся ў МДЛУ з просьбай агучыць афіцыйную пазіцыю ВНУ па дадзенай сітуацыі, але аператыўна атрымаць каментар не ўдалося.
tut.by