За абразу Ярмошынай жыхару Брэста прысудзілі два гады «хіміі»

14 лютага суд Маскоўскага раёна Брэста разглядзеў справу Андрэя Барысюка, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўлады»).

sud_volkovysk.jpg

Андрэя Барысюка абвінавацілі ў тым, што 6 сакавіка 2021 года ў адной з сацсетак ён напісаў абразлівы каментар у адрас Лідзіі Ярмошынай, якая займала тады пасаду старшыні ЦВК.

Пра які менавіта каментар ідзе гаворка, не паведамляецца. Аднак лінгвістычная экспертыза, паводле інфармацыі праваабаронцаў, устанавіла, што ў ім змяшчаецца «выяўленае ў непрыстойнай форме выказванне, што прыніжае гонар і годнасць пацярпелай».

Суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў Андрэя Барысюка вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.