За пацука адкажаш!

Грамадскія актывісты вырашылі адабраць хлеб у КДБ. У краіне стартавала грамадзянская кампанія па супрацьдзеянні тэрарыстычнай пагрозе. Прычым пад тэрарыстычнай пагрозай разумеюцца заявы хоць былога, але кіраўніцтва КДБ.



vse_07072015_logo.jpg

Новую ініцыятыву 7-га ліпеня прэзентавалі так званыя «недалучэнцы», — тыя, хто на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах не будзе падтрымліваць ніводнага кандыдата. Гэтая ініцыятыва даволі незвычайная — яна мае на мэце калі не забяспечыць, то падтрымаць грамадзянаў, якія маюць права на мірны пратэст. Ініцыятары стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», прафсаюз РЭП і Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада абвясцілі пра пачатак грамадзянскаq кампаніі пад умоўным лозунгам «Беларусь без тэрарызму».

 

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, абвяшчаючы пра новую кампанію, узгадаў выбары 2010-га года. Пасля той кампаніі ў краіне адбыліся масавыя ператрусы ў офісах зарэгістраваных і незарэгістраваных ініцыятываў, усяго 168 штук. У шматлікіх актывістаў была вынята тэхніка, пашкоджаныя кампутары, гэты ж лёс напаткаў і офіс РЭП, дзе праходзіла прэс-канферэнцыя. Каб не было паўтору 2010-га года, і ствараецца новая ініцыятыва.

fedyn_07072015_logo.jpg

Генадзь Фядыніч: нам не трэба паўтору 2010-га года

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі зазначыў, што ў час гэтай прэзідэнцкай кампаніі асноўныя інсінуацыі і спекуляцыі звязаныя з магчымым выхадам беларусаў на пратэстныя акцыі. «Многія палітыкі ўжо паспяшаліся ад гэтага адхрысціцца, і ледзьве не абвесціць усіх тых, хто будзе ўдзельнічаць у акцыях пратэсту здраднікамі, правакатарамі і гэтак далей», — зазначыў ён.

 

Між тым, па словах Рымашэўскага, на выбарах 2006-га года і 2010-га «нагнятанне атмасферы варожасці рабілася, у асноўным, з боку ўлады». «Ва ўладзе знаходзіліся людзі, досыць высокапастаўленыя асобы, якія заяўлялі аб тым, што рыхтуюцца тэракты, гвалтоўнае звяржэнне ўлады, а пасля іх заявы, зробленыя ў прысутнасці журналістаў, не знайшлі ніякага дакументальнага пацверджання», — заявіў адзін з лідэраў БХД.

 

Як лічыць Рымашэўскі, «прыйшоў час адказаць за пацукоў у вадаправодзе». Нагадаем, што падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006-га года тадышні старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка заяўляў, што дэманстранты планавалі атруціць вадаправод Мінска, скідваючы туды памерлых пацукоў. «Прыйшоў час адказаць за зброю і выбухоўку, якія нібыта знаходзілі ў гаражах у 2010-м годзе», — дадаў хрысціянскі дэмакрат.

rym_07072015_logo.jpg

Віталь Рымашэўскі: прыйшоў час адказаць за пацукоў у вадаправодзе

Зараз, паведаміў Рымашэўскі, ужо гатовыя запыты як у пракуратуру, так і ў іншыя зацікаўленыя дзяржаўныя органы, пра тое, ці знайшлі гэтыя шырока агучаныя «факты» сваё пацвярджэнне. Калі знайшлі, дык хто быў адказны за падрыхтоўку тэрактаў? Ці былі заведзеныя крымінальныя справы, чым яны скончыліся, ці ёсць пакараныя за гэтыя дзеянні?

 

«Калі гэта былі беспадстаўныя заявы пра падрыхтоўку тэрарыстычных актаў, калі пацверджання гэтым фактам не знойдзецца, мы будзем настойваць і дамагацца прыцягнення да крымінальнай адказнасці тых людзей, якія гэтыя заявы рабілі», — заявіў Рымашэўскі. Па ягоным меркаванні, такія публічныя заявы пра падрыхтоўку тэрактаў з боку апазіцыі падпадаюць пад як мінімум два артыкулы Крымінальнага кодэкса краіны — артыкул 400 КК «Заведама хлуслівы данос», і арт. 424 КК «Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі».

 

Патрабаваць адказнасці «за базар» будуць не толькі ў службовых асобаў і высокіх чыноўнікаў. Стваральнікі мастацка-прапагандысцкіх фільмаў кшталту «Жалезам па шклу», стваральнікі «тэрарыстычных» сюжэтаў на тэлебачанні таксама будуць разглядацца, як патэнцыйныя кандыдаты на крымінальную адказнасць.

 

Па меркаванні ініцыятараў кампаніі, гэтыя дзеянні ў адносінах да былых заяваў і іх заяўнікаў дазволяць прадухіліць аналагічныя правакацыі і заявы ў бок апазіцыі на сёлетніх выбарах. Тых жа, хто будзе рабіць такія заявы і ў часе гэтай выбарчай кампаніі, мажліва, чакае позва ў суд за паклёп. «Прайшло чатыры гады, новая выбарчая кампанія, і мы бачым, што пачынаецца тое ж самае, новыя заявы пра дэстабілізацыю ў краіне і гэтак далей», — кажа Рымашэўскі.

 

Калі гэтую хвалю «дэстабілізацыі ў галовах» не спыніць, то, лічыць Рымашэўскі, кепска будзе ўсім. «Было пытанне, хто ідзе на выбары, хто не ідзе на выбары, — гэта не важна. Як паказвае практыка, незалежна ад таго, хто ідзе на выбары, хто не ідзе на выбары, пад рэпрэсіі трапляюць усе. І тыя арганізацыі, якія не вылучалі сваіх кандыдатаў, як прафсаюз РЭП на мінулых выбарах — тут было некалькі ператрусаў, — і шараговыя грамадзяне, якія выходзяць падтрымаць таго ці іншага кандыдата, а потым страчваюць працу і гэтак далей. Нашая задача — ужо зараз паспрабаваць прадухіліць тыя пагрозы, якія могуць паўтарыцца з 2010-га альбо 2006-га года», — заявіў Рымашэўскі.

 

Але не толькі прыцягненнем да адказнасці «былых» зоймецца новая ініцыятыва. Па словах яшчэ аднаго заснавальніка БХД, Паўла Севярынца, у краіне існуе і больш рэальная пагроза тэрарызму. «Гэта расійская прапаганда, якая пашыраецца ў Беларусі і стварэнне ў шэрагу выпадкаў датычных да тэрарызму арганізацыяў, у тым ліку ваенізаваных і паўваенных», — зазначыў Севярынец.

 

Па ягонай інфармацыі, за апошнія паўтары гады ў краіне створана сетка з дзясяткаў арганізацыяў, якія сваёю мэтаю ставяць альбо прапаганду, альбо акупацыю і захоп Беларусі, знішчэнне беларускай дзяржаўнасці. «Пра гэта адкрыта заяўляецца ў сродках масавай інфармацыі, мерапрыемствы такіх арганізацый праводзяцца ў Беларусі ў шэрагу выпадкаў пад дахам гарвыканкамаў, райвыканкамаў альбо нават з дазволу вышэйшай дзяржаўнай улады ў Беларусі», — сказаў Севярынец.

sev_07072015_logo.jpg

Павал Севярынец: у Беларусі ёсць сапраўды тэрарыстычныя арганізацыі

«У Беларусі ажыццяўляецца вярбоўка грамадзянаў Беларусі для ўдзелу ў канфлікце ў Данбасе на баку сепаратыстаў, у Беларусі ажыццяўляецца дзейнасць такіх, на наш погляд, адкрыта тэрарыстычных арганізацый, як РНЕ, розных арганізацый, якія знаходзяцца «пад парасонам» «Рассупрацоўніцтва» і дзейнасць інфармацыйных парталаў, якія адкрыта заклікаюць да знішчэння Беларусі як незалежнай дзяржавы», — заявіў Севярынец.

 

Больш небяспечнае, па ягоных словах, тое, што разам з гэтым ў трэніроўкі, вайсковыя вышкалы з адпаведнай «прамыўкай мазгоў» ідзе ўцягванне непаўнагадовых. «Безумоўна, гэтыя дзеянні падпадаюць як пад беларускі крымінальны кодэкс, так і пад міжнароднае заканадаўства аб супрацьдзеянні тэрарызму», — лічыць Павал.

 

У сувязі з гэтым новая ініцыятыва звяртаецца да грамадзянаў з просьбай фіксаваць такія выпадкі, звязвацца з арганізатарамі. «Гэта патрэбна, па-першае, каб усе ведалі пра такія факты, па-другое, каб бацькі непаўнагадовых маглі стрымаць дзяцей ад удзелу ў такіх арганізацыях, і па-трэцяе, каб дзяржаўныя органы нарэшце вызначыліся, з кім яны. Яны падтрымліваюць расійскую агрэсію на постсавецкай прасторы, якая можа абярнуцца стратай незалежнасці Беларусі, альбо яны ўсё ж такі будуць абараняць — паводле закону — незалежнасць Беларусі», — сказаў Севярынец.

 

Праўда, канкрэтных фактаў і доказаў ён не прывёў, як кажуць, «у мэтах інтрыгі». Адпаведныя факты і ніфармацыя, паабяцаў Севярынец, з’явіцца літаральна днямі.

shusha_07072015_logo.jpg

Станіслаў Шушкевіч удзелу ў прэс-канферэнцыі не ўзяў, але сваёй прысутнасцю пацвердзіў удзел БСДГ у ініцыятыве

Так што, пагроза тэрарызму ў Беларусі зыходзіць як звонку, так і знутры. Рымашэўскі звярнуў увагу, што датычнымі да тэрарызму могуць быць не толькі нейкія незарэгістраваныя ініцыятывы і аб’яднанні, але і дзяржслужачыя, супрацоўнікі сілавых структураў, і нават цэлыя дзяржаўныя ўстановы. «Як гэта адбылося на Усходзе Украіны, дзе незаконныя бандфарміраванні разам з высокапастаўленымі асобамі розных дзяржаўных службаў Украіны справакавалі ўзброены канфлікт і, па-сутнасці, аддзяленне часткі тэрыторыі гэтай дзяржавы», — нагадаў Рымашэўскі.

Хутка мы даведаемся, ад каго ўсё ж такі рэальна сыходзіць тэрарыстычная пагроза ў краіне. І, так, за пацука ў вадаправодзе, пэўна, ўсё ж прыйдзецца адказаць.