У Магілёве "тэлефонную тэрарыстку" змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу
53-гадовая жанчына ўчора паведаміла пра выбуховае прыстасаванне ў будынку чыгуначнага вакзала. Адтуль эвакуявалі 340 чалавек.
Магілёўскія праваахоўнікі знайшлі "тэлефонную тэрарыстку", якая ўчора паведаміла пра выбуховае прыстасаванне ў будынку чыгуначнага вакзала ў абласным цэнтры. Зала чакання, білетныя касы і багажнае аддзяленне былі ачэпленыя, адтуль вывелі 340 чалавек. Сапёры абследавалі будынкі, але выбухоўкі не знайшлі. Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне на рух цягнікоў не паўплывала.
Прэс-служба МУС інфармуе, што вакзал "замініравала" 53-гадовая жыхарка вёскі Хонава Магілёўскага раёна. Раней яна ўжо была асуджана за аналагічнае злачынства. Яе змясцілі ў Магілёўскую абласную псіхіятрычную бальніцу. Распачатая крымінальная справа.
Фота: Fotolia