На Дні Волі затрыманы Зміцер Дашкевіч (абноўлена)

Падчас святкавання Дня Волі ў Кіеўскім скверы ў Мінску затрыманы Зміцер Дашкевіч.

Скрыншот з відэатрансляцыі мітынгу-канцэрта

Скрыншот з відэатрансляцыі мітынгу-канцэрта

Пра гэта паведаміла жонка палітыка Наста Дашкевіч у фейсбуку.

Зміцер Дашкевіч быў затрыманы неўзабаве пасля сваёй прамовы. У ёй ён, у прыватнасці, казаў:
«Свята 25 сакавіка гэта тое, што яднае нас незалежна ад перакананняў, незалежна ад таго, якія тактычныя думкі і якія месцы нашага збору. Гэта свята і для шунявак, і для іхтамнетаў, і для прапагандыстаў, і нават для самазванца. Бо каб не 25 сакавіка і незалежнасць, дзе б яны зладзейнічалі?! У трэцім Рыме, у Маскве-Мардоры? Размова кароткая: «навічка» ў чаёк і ідзі ў пекла! Таму павіншуем сёння іх: шунявак, ціхарэй, іхтамнетаў, лжывую прапаганду, самазванца з Днём Волі. Жыве Беларусь!»

Таксама ён узгадаў лёс бацькоў-заснавальнікаў беларускай Незалежнасці і заклікаў усіх прысутных далучацца да Варты абароны ў Курапатах.
Пасля затрымання некалькі гадзін пра лёс Зміцера Дашкевіча нічога не было вядомага.  У РАУС Цэнтральнага раёна яго жонцы казалі, што Зміцера ў іх няма. Толькі пад вечар стала вядома, што Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў Ізалятары часовага ўтрымання.