Зняволенага анархіста Францкевіча вінавацяць ва «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі»
Палітвязні Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк падазраюцца ва «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі», паведамляе «Свабода».
![franckievicz_1.jpg franckievicz_1.jpg](/img/v1/images/franckievicz_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ад сваякоў палітычнага зняволенага Аляксандра Францкевіча Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што супраць яго, а таксама супраць Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Андрэя Чапюка і яшчэ некалькіх чалавек пачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэксу — «Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме».
Таксама вядома, што цяпер Францкевіча вінавацяць па ўсіх трох частках артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх, навучанне ці іншая падрыхтоўка да ўдзелу».
![Палітвязня Аляксандра Францкевіча білі і катавалі электрашокерам у КДБ Палітвязня Аляксандра Францкевіча білі і катавалі электрашокерам у КДБ](/img/v1/images/3fc40199_9331_4cb3_b6ca_b1eccca1cf1e_w640_r1_s1_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Варта адзначыць, што арганізацыя «Анархічны Чорны крыж» праз унутраныя канфлікты больш нелічыць Францкевіча паслядоўнікам анархісцкіх ідэяў. Але выказала «крытычную салідарнасць» з ім як пацярпелым ад рук рэжыму Лукашэнкі, паколькі «ГУБАЗіК пераследуе Францкевіча менавіта як анархіста». У канцы жніўня анархісты паведамлялі, што Францкевіча і Гаеўскага-Ханаду катавалі ў КДБ, прымяняючы да іх электрашокер, і змушалі даць паказанні супраць сябе
Хто яшчэ з анархістаў за кратамі?
Акрамя названых асобаў у спісе зняволеных анархістаў ёсць таксама Іван Красоўскі. Два анархісты, Мікіта Емяльянаў і Іван Комар, ужо адбываюць пакаранні за напад на будынак суду і следчы ізалятар. Іх трымаюць, адпаведна, у Магілёўскай і Шклоўскай калоніях, праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
За кратамі таксама Ігар Аліневіч, Дзмітры Дубоўскі, Сяргей Раманаў і Дзмітры Разановіч, якіх падазраюць ва ўзброеным нападзе на будынкі сілавікоў. Іх праваабаронцы пакуль палітвязнямі не прызналі, спаслаўшыся на недастатковасць наяўнай інфармацыі пра іх справы.
У няволі знаходзіцца і журналіст, публіцыст анархісцкага руху Мікола Дзядок, якому прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым. Яго прызналі палітзняволеным.