Палітвязня Аляксандра Францкевіча білі і катавалі электрашокерам у КДБ

Маці палітычнага зняволенага Аляксандра Францкевіча распавяла "Вясне", што ў дачыненні да яе сына ўжываліся катаванні. Гэтую інфармацыю яна даведалася ад чалавека, які знаходзіўся ў адной камеры з Аляксандрам у СІЗА-1.

Аляксандр Францкевіч з маці

Аляксандр Францкевіч з маці

Паводле яе слоў, Аляксандра збівалі ў КДБ, білі электрашокерам у вобласць пахвіны, пры гэтым патрабавалі прызнаць віну. У прысутнасці яго таксама быў моцна збіты актывіст анархісцкага руху Акіхіра Ханада, якога затрымалі разам з Францкевічам. Таксама супрацоўнікі КДБ пазней прыходзілі ў камеру, дзе сядзіць Аляксандр, і зноў праз пагрозы і запалохванні патрабавалі падпісаць прызнанне віны, чаго той не зрабіў.
Вядома, што Аляксандр і ягоны адвакат падалі скаргі на збіццё і катаванні.
Аляксандра Францкевіча затрымалі 13 жніўня. Яму прад'яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 КК РБ – «Арганізацыя масавых беспарадкаў». 28 жніўня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным.