ААН аб’вясціла аб 450 выпадках катаванняў пасля акцый пратэсту ў Беларусі
Паводле інфармацыі ААН, сваякі як мінімум шасці чалавек не ведаюць пра месцазнаходжанне і стан здароўя іх блізкіх.
ААН сцвярджае, што мае звесткі і пра эпізоды гвалту над дзецьмі і жанчынамі, уключаючы сексуальны гвалт.
Эксперты ААН заявілі, што ім вядома пра 450 задакументаваных выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі, пазбаўленымі волі пасля «спрэчных прэзідэнцкіх выбараў» 9 жніўня, якія прывялі да масавых пратэстаў і арыштаў.
«Мы надзвычай устрывожаныя сотнямі заяваў аб катаваннях і іншым жорсткім абыходжанні ў ізалятарах часовага ўтрымання», — заявілі яны.
Большасць людзей, зніклых без вестак, былі знойдзеныя, але выклікае трывогу той факт, што месцазнаходжанне і стан здароўя сама меней 6 чалавек, як паведамляецца, невядомыя іх сваякам. «Мы таксама па-ранейшаму занепакоеныя тым, што выпадкі гвалтоўных знікненняў могуць павялічыцца, калі працягнецца жорсткая рэакцыя на мірныя пратэсты», — заявілі яны.