Абвешчаныя лаўрэаты Прэміі Гедройца

У прасторы ZAL#2 менскага Палаца мастацтваў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Прэміі Гедройца.

gedrojc_850.jpg

І месца «за канцэптуальнае ўвасабленне светаадчування сучаснага грамадства і эфектыўнае выкарыстанне авангардысцкіх тэхнік пісьма» заняў раман Іллі Сіна «Libido» (Мінск, Кнігазбор).

ІІ месца «за адметную інтэрпрэтацыю нацыянальнай міфапаэтычнай традыцыі» атрымаў Міхал Андрасюк з кнігай «Поўня» (Беласток, Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»).

ІІІ месца — «Садомская яблыня» Алены Брава (Мінск, Галіяфы) «за глыбіню сацыяльнай дыягностыкі сродкамі мастацкай літаратуры».

Як і летась, да павелічэння прызавога фонду за І месца далучыліся прадстаўнікі айчыннага бізнэсу. Сёлета мэцэнатамі лаўрэата сталіся адвакацкае бюро «Бараўцоў і Салей» і Прыватнае прадпрыемства «Тэрасофт». Прызам за ІІ месца ад Саюза беларускіх пісьменнікаў стаў творчы адпачынак у Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў на востраве Готланд (Швецыя). Фундатарам ІІІ месца Прэміі Гедройца сёлета выступіла Беларуская служба Радыё Свабода, якая гарантуе выпуск аўдыёкнігі прызёра.

Пад час цырымоніі ўпершыню была ўручаная ўзнагарода ў намінацыі «Выбар Алексіевіч». Яе лаўрэатам стаў Сяргей Календа з кнігай «Часам панкі паміраюць». Нобелеўская лаўрэатка зрабіла свой выбар з шасці кніг, які ўвайшлі ў шорт-ліст Прэміі Гедройца. Прызам стаў тэлефон iPhone Xr.

У кароткі спіс Прэміі Гедройца сёлета ўвайшлі:

  • «Поўня» Міхала Андрасюка;
  • «Садомская яблыня» Алены Брава;
  • «Часам панкі паміраюць» Сяргея Календы;
  • «Libido» Іллі Сіна;
  • «Вяртанне Ліліт» Юліі Шаровай;
  • «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы.

Склад журы Прэміі Гедройца: Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца; Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца; Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў; Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.

Музычнае суправаджэнне цырымоніі забяспечыў гурт VIBECLUB.

Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Мiнску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі. Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў, «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько, «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур, «Завяршыць гештальт» (2016), Зміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017), Уладзімір Арлоў, «Танцы над горадам» (2018).

Арганізатары Прэміі Гедройца: Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Партнёры прэміі: Амбасада Рэспублікі Польшча ў Мінску, Польскі Інстытут у Мінску, адвакацкае бюро «Бараўцоў і Салей», Прыватнае прадпрыемства «Тэрасофт», Радыё Свабода.

Партнёры цырымоніі: кнігарня «Акадэмкніга», выдавецтва «Тэхналогія», Еўрарадыё, творчае аб’яднанне «Інакш», прастора ZAL#2, Палац мастацтваў, кампанія «Беларускамоўныя».

Медыяпартнёры: Белсат, Еўрарадыё, Радыё Свабода, Беларусский Журнал, Свободные новости плюс.