Адчыняе Лукашэнка лядоўню, а там халадзец: «Чаго трасешся, я па смятану прыйшоў!». Беларускі палітычны гумар
Некаторыя выказванні Лукашэнкі людзі прымаюць за анекдоты, не ведаючы, што гэта цытаты.
Настасся Астапава абараніла дысертацыю пра беларускі палітычны фальклор у Тартускім універсітэце, а сёлета стажыруецца ў Швецыі. Даследчыца распавяла baj.by пра асаблівасці беларускага гумару і цікаўнасць да яго ў сусветнай навуковай супольнасці.
Пра дысертацыю і неўнікальных унікальных беларусаў
— Я вучылася ў Віцебску, працавала рэпетытаркай, адразу пасля ўніверсітэта з’ехала ў аспірантуру ў Піцер. Я хацела працягваць вучобу ў Беларусі, але ў Віцебску тады аспірантуры не было, а пра Мінск я чамусьці не падумала. У Піцеры вучылася платна, працавала. Цяпер бы я так не здолела.
З абаронай дысертацыі было шмат бюракратычных праблем, калегі распавядалі, што ў Беларусі падобная сітуацыя. Я пачынала працу ў галіне літаратуразнаўства, а абаранілася ў выніку па фалькларыстыцы. Тэмай даследавання былі студэнцкія анекдоты.
На трэцім годзе навучання я паехала па абмене ў Эстонію, і тут мне таксама прапанавалі вучыцца ў дактарантуры (у нашай сістэме ёй адпавядае аспірантура). У выніку атрымаліся дзве розныя дысертацыі: у Тарту я пісала пра беларускі палітычны фальклор — анекдоты, чуткі, нацыяналістычныя наратывы.
Дысертацыя зроблена на матэрыялах з інтэрв’ю. Я шмат кантактавала з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, апазіцыянерамі, нацыянальна свядомымі людзьмі. Мне даводзіцца распавядаць, што такое фальклор, што ён ёсць не толькі ў традыцыйных грамадствах. Мне падабаецца панятак “вернакулярнасць”, распаўсюджаны амерыканскім даследчыкам Леанарда Прыміяна. (Вернакулярнасць — форма мовы, якую пэўная група людзей выкарыстоўвае, асабліва ў нефармальных сітуацыях. Рэд.).
Распавядаючы пра Беларусь, я падкрэсліваю, што ў краіне ёсць не толькі канфармісты і апазіцыянеры, што ў кожнага беларуса сваё, індывідуальнае адчуванне таго, што адбываецца ў краіне. Як у кожнага свая, індывідуальная рэлігія (напрыклад, камплект з праваслаўя, язычнiцтва i астралогii), так і адчуванне палітычнага ды этнічнага сваё, уласны набор ідэнтычнасцяў.
Няма нейкай рысы, якая была б характэрная для ўсіх беларусаў. Мы вельмі розныя: ад тых, хто адрынае ўсё нацыянальнае, да тых, хто гаворыць, што зусім не разумее рускай, як дыяспара ў Нью-Ёрку. Да таго ж усё мяняецца. Пяць год таму я вывучала апазіцыянераў свайго пакалення, якія былі вельмі актыўныя ў 25-27 гадоў. А цяпер у іх дзеці, сям’я, праца, і палітыка іх не цікавіць. Некаторыя былыя беларускамоўныя кажуць, што мова — гэта не галоўнае i вяртаюцца да рускай. I наадварот: былыя канфармісты ўзросту маiх бацькоў рэпосцяць анекдоты пра Лукашэнку ў "ВКонтакте". Раней гэта было немагчыма. Гэта змены ў жыцці аднаго чалавека. А ў маштабе краіны!
Чаго баяцца беларусы
— У Беларусі, хоць і павольна, ідзе лібералізацыя. Людзі ўжо не баяцца распавядаць анекдоты, рабіць рэпосты ў сацсетках. Аднак, ёсць тэмы, на якія “можна” жартаваць, а на якія не, і яшчэ залежыць ад таго, у чыёй прысутнасці (табу ў кожнага свае, у прыстойным грамадстве ЗША, напрыклад, не жартуюць пра жанчын і афраамерыканцаў). Я пішу кнігу пра беларускія жарты і чуткі, і адна з істотных частак будзе пра страх жартаваць. У Беларусi не толькi шмат такiх страхаў, але таксама анекдотаў пра страх, напрыклад:
Адчыняе Лукашэнка лядоўню, а там халадзец. “Чаго трасешся, я па смятану прыйшоў!”
Больш за тое, шмат папулярных анекдотаў пра страх — гэта метаанекдоты: анекдоты пра анекдоты, знаёмыя яшчэ з савецкіх часоў. Метаанекдоты шмат дзе папулярныя, напрыклад, у ЗША i Канадзе, але ў iх гэта больш частка поп-культуры, напрыклад, ужываецца ў stand-up comedy. У нас метаанекдоты часцей за ўсе палiтычныя, напрыклад такі:
У гатэлі адзін мужык ніяк не можа заснуць. Суседзі па нумары сядзяць пры стале і распавядаюць палітычныя анекдоты. Гучны рогат, моцнае святло… Ніякія просьбы і ўгаворы не дапамагаюць. І вось ён прыдумаў: выйшаў і замовіў 4 кубкі кавы ў нумар. Вярнуўся і зноў пачаў угаворваць:
— Мужыкі, ну закругляйцеся, тут жа ўсё праслухоўваецца!
— Ды што ты нас пужаеш!
— Ну, тады самі пабачыце, — узяў попельніцу і сказаў у яе, як у мікрафон — таварыш маёр, калі ласка, 4 кавы ў 312-ы.
Прайшло пару хвілін, і ў нумар прыносяць 4 кубкі кавы. Імгненна настала цішыня, святло патушылі — і ўсе паляглі спаць. Раніцай мужык не пабачыў у нумары нікога са сваіх суседзяў. Выйшаў і спытаў дзяжурную па паверсе, куды яны падзеліся.
— Іх уначы КДБ забрала. За палітычныя анекдоты.
— А мяне чаму не кранулі?
— Таварышу маёру вельмі спадабаўся ваш жарт з попельніцай…
Фалькларысты глядзяць на жанры і сюжэты, што цыркулююць у пэўнай культуры, і спрабуюць зразумець, чаму менавіта яны папулярныя. Я вывучаю чуткі пра тое, што за людзьмі сочаць (КДБ, напрыклад). Гэта праява вялікага страху, але ён ёсць не толькі ў Беларусі, а ва ўсіх дэмакратыях. У мяне шмат небеларускіх калег, якія з гэтых прычын не маюць старонкі ў Facebook. Тое ж з анекдотамі: у Беларусі іх шмат, калі параўнаць з іншымі краінамі, але 80 % сюжэтаў — з савецкіх часоў. Чаму яны засталіся? Якая цяпер іх функцыя?
Пра што жартуюць беларусы
У нашай краіне вельмі папулярныя так званыя “пацёмкінскія наратывы” — як дзесьці сустракалі пэўнага чыноўніка. Шмат анекдотаў пра сябе, пра беларускую ментальнасць. Пра прэзідэнта таксама.
Палітычныя анекдоты залежаць ад таго, які ў краіне рэжым. Калі ёсць “вялікая фігура” (Сталін у СССР, Франка ў Іспаніі) — то пра яе будзе большасць анекдотаў. А калі няма, то будуць анекдоты пра ідэалогію. У сучаснай Беларусі “вялікая фігура” — гэта, канечне, Лукашэнка. Ні ў краіне, ні за яе межамі папросту больш нікога не ведаюць. Даволі распаўсюджаныя наратывы “Бацька за беларусаў” (асабліва ў суседніх постсавецкіх краінах), але і беларускія контрнаратывы, кшталту “Хто Бацька па паходжанні – габрэй, немец ці цыган?” і “Цыган нам не бацька”, дзе даводзіцца, што Беларусь пад Лукашэнкам — антынацыянальная фармацыя.
Наратывы пра “чужое” паходжанне нацыянальных лідараў — не новая і не ўнікальная беларуская з’ява. Хадзілі чуткі, што Ленін — габрэй, некалькі гадоў таму кандыдат на чэшскіх выбарах быў абвінавачаны ў габрэйскім паходжанні.
Цяпер мы з калегам Васілём Навумавым пішам артыкул пра Вейшнорыю. Ён будзе апублікаваны ў нумары American Journal of Folklore, цалкам прысвечаным фэйкавым навінам, пад якімі разумеюць не толькі падман аўдыторыі, але і навіны-анекдоты.
У ЗША ёсць сайты і часопісы, што змяшчаюць толькі фэйкавыя навіны, гэта вялікая індустрыя. Людзі чытаюць іх, каб расслабіцца і пасмяяцца з сапраўдных навін: CNN, BBC і г. д.
Мы разглядаем Вейшнорыю з гэтага ж боку. Мікранацый, кібернацый, як Вейшнорыя, у свеце шмат. З аднаго боку, гэта гумар, але па факце для ўдзельнікаў праекту гэта больш: за заслонай жарту з’явілася школа дэмакратыi.
Артыкул пра Вейшнорыю будзе апублікаваны па-англійску. Мне хацелася б, каб калегі з Беларусі чыталі мае даследаванні, але калі навуковец не валодае англійскай, то ён застаецца зусім па-за міжнародным навуковым кантэкстам. Напрыклад, у Васіля Навумава пару год таму вышла кніга “Belarusian Maidan 2006”. Ці шмат беларусаў яе чыталі? Я ведаю, што ў нас ёсць вельмі добрыя даследчыкі, але найперш гэта навукоўцы, што маюць сувязь з Захадам.
Сам даследчык, адзін, не здолее адпавядаць сучасным навуковым тэндэнцыям. Напрыклад, мой муж, ён інжынер, таксама займаецца навукай, і падчас вучобы ў дактарантуры падумаў, што зрабіў адкрыццё. А яго эстонская выкладчыца распавяла, што гэта ўжо даўно вынайшлі, i дала яму з паліцы адпаведную кнiгу.
Я чула водгукі пра Кангрэс даследчыкаў Беларусі, як людзі туды прыязджаюць, мяркуючы, што вынайшлі нешта новае, бо не чытаюць надрукаванага на Захадзе ці нават у Расіі. Навошта вынаходзіць кола?
СМІ і фальклор
СМІ і, шырэй, інтэрнэт адыгрываюць значную ролю ў распаўсюджванні палітычнага фальклору. Напрыклад, выказванне Лукашэнкі, што яго бацька загінуў на вайне, якое нібыта прагучала на сустрэчы з ветэранамі недзе ў расійскай глыбінцы, а цяпер цытуецца як адно з глупстваў прэзідэнта. Я шукала першакрыніцу і не знайшла. Адзін апазіцыянер сказаў мне падчас інтэрв’ю, што гэта, напэўна, КДБ ўсё падчысціла. Ці іншыя звесткі з альтэрнатыўнай біяграфіі прэзідэнта: што Лукашэнка цыган, мазаічны псіхапат…
Невядома, што першаснае — фальклорны наратыў, які трапіў у СМІ, ці гэта апаненты Лукашэнкі праз СМІ “запусцілі” такія чуткі.
Бывае і наадварот: некаторыя выказванні прэзідэнта людзі прымаюць за анекдоты, не ведаючы, што гэта цытаты. У тым і цікавостка фальклору, што мы не ведаем, адкуль ён бярэцца. Канечне, так адбываецца не толькі ў Беларусі: адно амерыканскае выданне неяк пажартавала, што, паводле даследаванняў пэўнага ўніверсітэта, у Джорджа Буша-малодшага самы нізкі IQ з усіх амерыканскіх прэзідэнтаў. Амерыканцы зразумелі, што гэта быў жарт і ніякага даследавання не было. А ў нас шмат хто так і лічыць.
На Захадзе цікавая беларуская тэматыка. Канечне, даводзіцца даваць кантэкст, бо пра нашу краіну ведаюць мала, нават у Эстоніі, нягледзячы на супольнае савецкае мінулае. Выступ на кожнай канферэнцыі, у розных краінах, даводзіцца пачынаць з паказу Беларусі на мапе, з кароткага экскурсу ў найноўшую гісторыю. Праўда, у Швецыі, ва Упсале, дзе я працую ў Інстытуце рускіх і еўразійскіх даследаванняў (тут пануе міждісцыплінарны падыход), гэтага рабіць не даводзіцца, што вельмі прыемна.
Я чытала курсы пра Беларусь у такіх краiнах, як Эстонiя, Сербiя, Чэхiя, Iзраiль, і заўсёды студэнты і прафесары былі вельмi зацiкаўленыя. Наша краiна — крыніца ўнiкальнага матэрыялу, хаця б таму, што Беларусь амаль нiхто не вывучае. А яе даследаванне дае адказы на вечныя навуковыя пытаннi: як і чаму людзі распавядаюць анекдоты, згаджаюцца ці не згаджаюцца з дзяржавай, баяцца сачэння. Можна разгледзець, як фальклор уплывае на мысленне і на гісторыю, як у ім прадстаўленыя розныя палітычныя і культурныя каштоўнасці, ілюзіі і надзеі на асабістым і грамадскім узроўні. Нарэшце, цікава прасачыць узаемадзеянне між лакальным і глабальным.
Паўтаруся, Беларусь не ўнікальная ніводным са складнікаў, але, як любая іншая краіна, цікавая іх спалучэннем.
Даведка:
Анастасія Астапава нарадзілася ў 1986 г. ва Узбекістане, з 8 год жыла ў Віцебску. У 2007-м скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “настаўніца рускай мовы і літаратуры і англійская мовы”. У 2007 – 2010 вучылася ў аспірантуры Расійскага дзяржаўнага педуніверсітэта ў Санкт-Пецярбургуу, абараніла дысертацыю “Современные студенческие анекдоты: сюжетный состав и тематические особенности”. У 2010 — 2015-м вучылася ў аспірантуры Тартускага ўніверсітэта (Эстонія), абараніла дысертацыю “Negotiating Belarusianness: Political Folklore betwixt and between”. У 2013 – 2014 гг. стажыравалася ва ўніверсітэце штата Агаё (ЗША), цяпер на стажыроўцы ў Інстытуце рускіх і еўразійскіх даследаванняў ва Упсале (Швецыя). Даследаванні Настассі можна пачытаць на academia.edu.