Андрэй Хадановіч: Дыпламатыя і паляванне

«А ты ведаеш, што вы, беларусы, нам тут, як стрэмка ў адным месцы?» Андрэй Хадановіч у сваёй калонцы ў "СН+" разважае пра эміграцыю, ксенафобію і талерантнасць.

Андрэй Хадановіч, фота svaboda.org

«Прыязджай да нас, паўдзельнічаеш у дыскусіі пра Беларусь і мігрантаў, будзе таксама былы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі», — напісаў мне даўні прыяцель, запрашаючы ў Сувалкі. Выраз «былы прэзідэнт» зрабіў на мяне, як на ўсякага беларуса, магічнае ўражанне — і я адразу ж пагадзіўся.

Абставіны збягаліся добра, я быў у Польшчы на Фестывалі беларускай культуры — і рушыў з цёплага Уроцлава, дзе два дні насіў паліто ў руцэ, амаль ні разу не апрануўшы, на паўночны ўсход, дзе два дні з яго не вылазіў. Але не пашкадаваў. Не лічачы гасціннасці і цеплыні з боку гаспадароў, былі фантастычныя краявіды польска-літоўскага памежжа, дзе проста ажывалі кінакадры «Даліны Ісы» Тадэвуша Канвіцкага (прывітанне Мілашу) і «Пана Тадэвуша» Анджэя Вайды (паклон Міцкевічу).

Дарэчы, усіх чатырох геніяў зацікавіла б тэма дыскусіі пра межы і эміграцыю, ксенафобію і талерантнасць. Але разважаць давялося нам. Апроч згаданага палітыка і аўтара гэтых слоў, дыскутаваў чалавек, ад якога ў гэтай гісторыі рэальна нешта залежыць — дзейны літоўскі дыпламат, для якога нашая размова была не столькі інтэлектуальнай прыгодай, колькі часткай цяжкай штодзённай адказнай працы. Ён не дазваляў сабе прыгожых метафар і ўвогуле вельмі старанна падбіраў словы.

Найбольшае ўражанне на мяне зрабіла поўная зала слухачоў — усхваляваных, неабыякавых, інтэлігентных. Сітуацыя на польска-беларускай (і літоўска-беларускай) мяжы відочна зачапіла ўсіх за жывое, шмат хто выказваўся з месца ці выходзіў да мікрафона, але ніхто не дазволіў сабе нічога некарэктнага. (Можа, прысутнасць беларуса абмяжоўвала?) Я пасля нашых інтэрнэт-спрэчак проста дзіву даваўся:

«Дзе ты, мова нянавісці? Дзе вы, справакаваныя рэжымам ксенафобы?»

Быў, што праўда, аўтар эксцэнтрычнага жарту пра калідор, які трэба арганізаваць мігрантам у Нямеччыну, як арганізоўваецца калідор праз Беларусь. Але на дасціпніка з усіх бакоў паглядзелі так, што больш ён не хахміў. Яшчэ выступаў мясцовы бізнесмен, абяцаючы працаўладкаваць ахвочых на сваім прадпрыемстве. («Ахвочых не будзе — ні тут, ні ў нас, у Літве. Усе паедуць у Нямеччыну», — шапнуў мне дыпламат.) Хвілінная цішыня запала толькі раз, калі прагучала рэпліка, што за зваротныя квіткі ўсім згодным вярнуцца дадому трэба заплаціць Польшчы. У некаторых вачах выразна былі відаць складаныя матэматычныя калькуляцыі, але ніхто ўголас не запярэчыў — і ўдзельнікі імпрэзы развіталіся, задаволеныя адныя аднымі.

***

— Ну, і як? Падабаецца табе ў нашай Польшчы?

Гэта ўжо гадзінай пазней, калі я выйшаў з гатэля пасля вячэры і папрасіў закурыць у купкі маладзёнаў. Мабыць, дарэмна папрасіў, чуў жа, што курыць шкодна.

— Вядома ж, — адказваю як мага больш дыпламатычна. — Цудоўная краіна.

— Ужо ўпаляваў сабе нешта ў нашай дзяржаве?

Я адчуў, што размова патроху накаляецца, і ад маіх далейшых адказаў залежыць, застанемся мы на этапе «дыпламатыі» ці — прывітанне «Пану Тадэвушу»! — сапраўды пяройдзем да стадыі «палявання».

— Дарэчы, а што гэта за машына стаіць з літоўскімі нумарамі? Не твая раптам? Мы тут да літоўцаў не вельмі каб…

Мабыць, я ўсё-ткі перабольшыў талерантнасць польскага грамадства, бо гадзіну таму дачыняўся толькі з яго элітай. Я не стаў расказваць, што дыскутаваў якраз з чалавекам, які на гэтай машыне прыехаў. Як і пра Камароўскага. Падазраю, што мае суразмоўнікі галасавалі за іншую партыю, і мой аўтарытэт ад гэтай згадкі не вырас бы. Замест гэтага я пацікавіўся, з кім маю гонар, і пачуў, што маю гонар з маладымі паліцыянтамі, якія культурна адпачываюць пасля цяжкай працы.

— А ты ведаеш, што вы, беларусы, нам тут, як стрэмка ў адным месцы?

Напраўду ён выразіўся не так культурна, але колькасная перавага 8-1 давалася ў знакі, і я бездакорна ветліва спытаў, каго ён мае на ўвазе. Ці то рэжым, што правакуе сітуацыю з мігрантамі, ад чаго яго працоўныя будні не зрабіліся лягчэйшымі? Ці, можа, саміх гэтых мігрантаў, што едуць праз Беларусь, а таму для яго — беларускія мігранты? Ці якраз мігрантаў-беларусаў, што едуць сюды праз немагчымасць суіснаваць з рэжымам, бо яго калегі-сілавікі ў нас дазваляюць сабе… (Тут ён крыху паморшчыўся, і я своечасова спыніўся.)

Выявілася, што ўсе тры варыянты адказу — правільныя. Беларускі рэжым яны не любяць, ад мігрантаў з усходу чакаюць найгоршага, але й «панаехаўшыя» беларусы, як, дарэчы, і ўкраінцы, ствараюць ім праблемы, бо, выяўляецца, адбіраюць працу і хлеб у тых, хто тут павінен працаваць.

— Ты бяры яшчэ адну, частуйся, мне не шкада!

Рашэнне сітуацыі было простым, як пяць капеек, якіх мне колісь забракла ў дзьюці-фры на мяжы. (А дзяўчына ззаду падкінула: «Спадар Андрэй, калі ласка!» — і заадно выявілася Палінай Рэспублікай.) Я ўспомніў магічнае слова «Аўстрыя» і сказаў, што тут адно праездам.

— А я і гляджу, нейкі ты занадта элегантны пан для мігранта, апрануты не па-нашаму, — паказвае ён на маё ўжо згаданае паліто, купленае ў польскім H&M.

— Тады гэта ўсё мяняе. Слухай разумную параду: хутчэй вяртайся ў сваю Вену. А вось у Польшчы заставацца не варта, бо нам тут і без вас праблемаў хапае, а вы адбіраеце ў нас… Яшчэ цыгарэту даць?

***

Тут магла быць разумная мараль, але я напраўду не ведаю, як вырашыць (і як вырашыцца) праблему з мігрантамі. Колькі з іх (і калі) дабярэцца да Нямеччыны, колькі застанецца (і ці застанецца) у Польшчы і Літве, а колькі (і за чый рахунак) вернецца дадому. Але хочацца верыць, што ніхто з маіх васьмі суразмоўцаў нікога не ўпалюе і ўсё вырашыцца на этапе дыпламатыі.

Андрэй Хадановіч, www.sn-plus.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: