Brutto заснавалі рок-фэст у Кіеве

Музыкі хочуць зрабіць фэст перасоўным і спадзяюцца аб’яднаць вакол сябе гурты, якія выступаюць “супраць новай халоднай вайны”.



part2.jpg

Першы фэст пад назвай “Партызан-рок” пройдзе 29 жніўня ў Кіеве.

Ідэя яго правядзення належыць гурту Brutto. Склад удзельнікаў таксама абіралі сябры каманды. На сцэне арт-завода “Платформа” выступяць гурты Dzieciuki з Беларусі, Antis з Літвы, “Телевизор” з Расіі, “Гайдамаки” з Украіны і ўласна заснавальнікі фэсту, паведамляе сайт budzma.by.

“Гэта не чарговы фэст ежы ці сэксу, якія запаланілі прастору. Гэты фэст — антыімперскі і антываенны. Ён аб’ядноўвае ўсіх, хто выступае супраць новай халоднай вайны. Хто малады, хто любіць спорт, хоча быць моцным, смелым і вольным духам”, — зазначае ў каментары для вudzma.by прадзюсар гурта Brutto Антон Азізбекян.

Паводле задумы заснавальнікаў “Партызан-року”, ён мае стаць традыцыйным і перасоўным. Першы фэст вырашана правесці ва Украіне. Наступны мяркуецца зладзіць у Літве. “Мы хочам, каб “Партызан-рок” стаў фэстам, які можна сустрэць у любой кропцы свету. Цяпер ён найбольш патрэбны ва Украіне. Потым будзе Літва, а магчыма, праз некаторы час пройдзе і ў Беларусі”, — зазначыў прадстаўнік гурта Brutto.

Назву фэст атрымаў паводле аднайменнага сінглу-лозунгу Brutto, пад якім сёлета праходзіў тур каманды Сяргея Міхалка па Украіне.

Яшчэ адным беларускім гуртом на першым фэсце “Партызан-рок” у Кіеве будуць Dzieciuki — майстры забойнага вясёлага фольк-панку з Гродна. Музыкі прысвячаюць свае песні беларускім героям розных часоў ды распавядаюць пра гісторыю краіны. У 2014 годзе яны атрымалі прэмію “Героі года” ад партала Tuzin.fm.

Адна з разынак фэсту — выступ літоўскага гурта Antis на чале з Альгердам Каушпедасам — адным з лідараў руху “Саюдыс”, які ачоліў калісьці працэс выхаду Літвы са складу СССР. У другой палове Antis лічыўся ўвасабленнем літоўскай нефармальнай сцэны і здзіўляў слухачоў па ўсім свеце сваімі вар’яцкімі тэатралізаванымі шоў у духу “The Wall” Pink Floyd. Аднавіў дзейнасць гурт у 2007 годзе — праз 17 гадоў (!) пасля распаду і цяпер паспяхова гастралюе.

Яшчэ адна легенда з 80-х — расійскі гурт “Телевизор” з Міхаілам Барзыкіным на чале. Міхалок неаднойчы выказваўся пра сваё непрыманне такой з’явы, як “рускі рок”, але гэтую каманду адрознівае ад большасці яе прадстаўнікоў дакладна акрэсленая грамадзянская пазіцыя і вытанчанасць аранжыровак. Іх песні забаранялі як у час перабудовы, так і ў час кіравання Пуціна.  “Телевизор” выступаў у траўні ў Кіеве і выканаў сваю новую песню — “Ты прости нас, Украина”.

Haydamaky з Украіны прадстаўляюць як “музычную фармацыю з еўрапейскімі поглядамі”. Гэтыя музыкі — зацятыя прыхільнікі сучаснай рок- і world- music і сінтэзуюць у сваёй творчасці рок, даб, панк, ска, замяшаны на ўкраінскім фольку і балканскіх матывах.

Фэст “Партызан-рок” пройдзе 29 жніўня ў Кіеве. Цана квіткоў на канцэрт пачынаецца з 249 грывен (каля 9 еўра). Падзея ў FB.