Дбаеш пра сваё — стартуй разам з AD.NAK!
22 красавіка стартуе Пяты, юбілейны, Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! Фестываль традыцыйна будзе прадстаўлены ў новай канцэпцыі, а менавіта: Думай глабальна — дзейнічай лакальна! Карыстаючыся гэтым трэндавым лозунгам, Фестываль AD.NAK! сёлета абвяшчае:
"Трэба так! Дбай пра сваё — не прагадаеш!"
Генеральным партнёрам Фестывалю ў гэтым годзе выступіла кампанія velcom. Дзякуючы такой падтрымцы пераможцы намынацый і конкурсаў Фестывалю атрымаюць каштоўныя прызы.
Як заўсёды, Аргкамітэт Фестывалю AD.NAK! робіць акцэнт на прыцягненні да ўдзелу перш за ўсё маладых талентаў, для якіх у пачатку прафесійнага шляху вельмі важная практычная рэалізаванасць сваіх працаў. Таму ўдзельнікам прапанаваная багатая і разнастайная конкурсная праграма, дзе канкурсанты змогуць паказаць свае прафесійныя здольнасці ў стварэнні рэкламы розных фарматаў — білборды і постары, інфаграфіка, аўдыёрэклама, сувенірная прадукцыя, а таксама стварэнне айдэнтыкі брэндаў і гандлёвых марак.
Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах пятага Фестывалю AD.NAK! распачынаецца 22 красавіка. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 9 чэрвеня. А фінальная частка Фестывалю — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адметнай адукацыйнай праграмай — пройдзе 27 чэрвеня ў Мінску.
Сёлетні Фестываль AD.NAK! будзе прасякнуты ідэяй высокай каштоўнасці мясцовай камунікацыйнай глебы, якую можна развіць пры дапамозе новых сучасных фарматаў — воркшопаў і інтэнсіваў. У гэтым годзе арганізатары вырашылі правесці некалькі 2-дзённых воркшопаў, у межах якіх удзельнікі здолеюць стварыць і паказаць больш якасныя і арыгінальныя ідэі. Адукацыйна-практычныя мерапрыемствы пройдуць напрыканцы траўня — у пачатку чэрвеня пад куратарствам вядомых спецыялістаў рэкламна-камунікацыйнага рынку, пасля якіх удзельнікі будуць абараняць перад найбольш дасведчанымі беларускімі рэкламістамі свае працы. Найбольш старанныя аўтары і стануць пераможцамі сёлетніх конкурсаў.
Для ахвотных стаць прафесіяналамі рэкламнай і камунікацыйнай галіны варта быць пільнымі і дбаць пра тэрміны.
"Мы вырашылі першымі з усіх статусных рэкламных фестываляў увесці ў актыўны ўжытак такі конкурсны фармат, як воркшоп. Аднак удзельнікі гэтага фармату адначасова з'яўляюцца ўдзельнікамі адпаведнага конкурсу, і аўтары найлепшых праектаў атрымаюць прызы і магчымасці практычнай рэалізацыі сваіх ідэй, — адзначыў Сяргей Скараход, кіраўнік праекта Marketing.by, які выступае арганізацыйным партнёрам AD.NAK! — Дзякуючы такому падыходу арганізатары Фестывалю разлічваюць на большы прафесійны ўзровень конкурсных работ. Трэба таксама адзначыць, што ўдзел у воркшопах будзе, натуральна, бясплатны, як і ў астатніх намінацыях і конкурсах AD.NAK!
"Штогод Фестываль AD.NAK! адзначае ўсё большую колькасць якасных і амбітных рэкламных праектаў. У той жа час і колькасць цікавых культурніцкіх праектаў расце. Аднак далёка не ўсе культурніцкія праекты могуць дайсці да свайго спажыўца, ім не хапае камунікацыі. І Фестываль — гэта тая пляцоўка, якая дае магчымасць адбудаваць гэтую камунікацыю, “пасябраваць” культуру і бізнес, культуру і маркетынг, узбагачаючы адно аднаго. Мы мяркуем, што дбаць пра сябе, сваю зямлю, сваю культуру — гэта найлепшы спосаб быць цікавым для іншых у сучасным глабалізаваным свеце", — кажа Ніна Шыдлоўская, каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі "Будьма беларусамі!", якая з’яўляецца ініцыятарам правядзення Фестывалю AD.NAK!
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэл.: +375 29 177-0121, 29 755-1434.