Калядны канцэрт народнага фальклорнага ансамбля “Тутэйшая шляхта”
19 студзеня 2014 г. а 14-й гадзіне Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае ўсіх жадаючых на яркі, касцюмаваны “Калядны канцэрт” народнага фальклорнага ансамбля “Тутэйшая шляхта”.
Ансамбль “Тутэйшая шляхта” быў створаны ў 1992 годзе пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Удзельнікамі ансамбля з’яўляюцца выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта. Нягледзячы на тое, што ансамбль досыць малады, ён прымаў удзел у шматлікіх канцэртах як на бацькаўшчыне, так і за мяжой. У 1994 годзе калектыў стаў дыпламантам Рэспубліканскага конкурсу ў Паставах, у 1996 годзе — лаўрэатам Нацыянальнага фестывалю беларускай байкі за лепшую інтэрпрэтацыю байкі, у 1998 годзе — дыпламант тэлевізійнага фестывалю народнай творчасці “Залатыя ключы”.
“Тутэйшая шляхта” неаднаразова выязджала ў Польшчу, Нарвегію, Эстонію. У 1999 годзе ансамбль быў удзельнікам Міжнароднага фестывалю “Экафолк-99” у Харкаве, дзе атрымаў дыплом.
Рэпертуар калектыву сёння налічвае больш за 50 твораў і складаецца ў асноўным з беларускіх народных песень. Асаблівая ўвага надаецца адраджэнню і папулярызацыі малавядомых і забытых беларускіх песень, музыкі, калісьці папулярнай у асяроддзі беларускай шляхты.
Акрамя таго, канцэртныя праграмы ўключаюць у сябе і некаторыя рускія народныя, украінскія, а таксама аўтарскія песні. Ансамбль імкнецца да мяккай, лірычнай, інтэлігентнай манеры выканання, карыстаецца шырокай папулярнасцю сярод творчай інтэлігенцыі Беларусі. У 2000 годзе ансамблю “Тутэйшая шляхта” прысвоена званне “Народны”.
Мастацкія кіраўнікі і заснавальнікі — Леанід і Анатоль Махначы.
Уваход па білетах у музей