Вечарына да 75-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча
15 студзеня 2014 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да 75-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, прафесара Васіля Пятровіча Шаранговіча.
У праграме: гашэнне канверта з арыгінальнай маркай «Жывапіс. В.П. Шаранговіч», што ўводзяцца ў абарачэнне Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, адкрыццё выставы 17 ілюстрацый (з 37) да паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», выкананых В.П. Шаранговічам, са збору музея (падоўжыцца па 19 студзеня 2014 г.).
У афармленні маркі і канверта выкарыстаны творы Васіля Пятровіча Шаранговіча: «Аўтапартрэт» (палатно, алей; 2002), «Восеньскае поле» (палатно, алей; 2003) і «Навальніца прайшла» (папера, акварэль; 2005).
Пра аўтара
Васіль Пятровіч Шаранговіч (нар. 14 студзеня 1939 г. у в Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл.) — беларускі графік, жывапісец, педагог. Народны мастак Беларусі (1991), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986), заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986), прафесар (1981). Член Беларускага саюза мастакоў з 1970 г. Выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) з 1967 г., у 1989–1997 гг. — рэктар. 1997–2009 гг. — дырэктар Музея сучаснага мастацтва ў Мінску.
Працуе ў кніжнай і станковай графіцы і жывапісе. Майстар ілюстрацый да твораў нацыянальнай і сусветнай літаратуры. Творчая спадчына прадстаўлена ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і інш.