Кніга году — «Маё невымаўля» Насты Кудасавай

У офісе Беларускага ПЭН-цэнтра 10 сакавіка ў прысутнасці сябраў журы былі абвешчаныя вынікі прэміі. У чытацкім галасаванні перамагла кніга «Радзіва Прудок» Андруся Горвата.

kniha_hoda.jpg


“Кнігай году” стаў паэтычны зборнік “Маё невымаўля” Насты Кудасавай. За яе кнігу прагаласаваў 21 сябар журы. Пераможца атрымае прыз у памеры 1000 еўра ў эквіваленце па курсе Нацбанка. Агулам на перамогу прэтэндавалі 48 выданняў.

Сёлета ў журы ўвайшоў 81 чалавек, інфармацыю пра галасаванне кожнага з іх глядзіце на старонцы прэміі kniha.by. У журы прэміі маглі ўвайсці літаратары і літаратаркі, якія выдалі мастацкую, нон-фікшн альбо перакладную кнігу цягам апошніх 7 гадоў.

Прэмія “Кніга году” заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 2015 годзе. Папярэднія пераможцы: Альгерд Бахарэвіч з кнігай “Дзеці Аліндаркі”, Антон Рудак з кнігай “Верхні горад”, Вольга Гапеева з кнігай “Сумны суп” і Людміла Рублеўская з кнігай “Авантуры студыёзуса Вырвіча”, Андрэй Хадановіч з кнігай “Нататкі таткі”.Завершана і чытацкае галасаванне за кнігу года. Сімпатыю чытачоў з вялікім адрывам заваяваў паляшук Андрусь Горват. Яго кніга-дзённік пра вясковае жыццё «Радзіва Прудок» набрала 32% ад усіх галасоў (477 галасы).
На другім месцы апынулася кніга «Айчына: маляўнічая гісторыя ад Рагнеды да Касцюшкі» Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава (264 галасы). Трэцяе месца заняў беларускі трэш-хорар «1813» Уладзімір Садоўскага (194 галасы). 130 галасоў (8.8%) набраў раман Віктара Марціновіча «Возера Радасці». Усе астатнія творы набралі меней за сотню галасоў. У нізе рэйтынгу апынулася паэзія. Нажаль, менш за 30 галасоў набралі чатыры зборнікі вершаў. У тым ліку зборнік вершаў Уладзімера Някляева "Толькі вершы" замыкае спіс з колькасцю 23 галасы.
За пяць дзён, што доўжылася галасаванне, сайт наведалі 1756 карыстальнікаў, яны пакінулі 1470 галасоў - кожны карыстальнік мог раз на суткі адзначыць ад адной да трох кнігаў.
Па словах стваральнікаў сайту, імавернасць накруткі галасоў была нізкай. Апроч тэхнічнай абароны ад аўтаматычнага галасавання (робатаў), наведвальнік сайта, каб несці пэўную адказнасць за свой голас, мусіў пазнчыць імэйл або тэлефонны нумар.
Нагадаем, на прэмію ПЭН-цэнтра «Кніга году» літаратары вылучылі 48 кніг, сярод іх было абрана 15, якія прымалі ўдзел у чытацкім галасаванні. Кнігі на прэмію намінавалі пісьменнікі і перакладчыкі, з іх складу і было ўтворана журы. Аднак на старонцы kniha.of.by кожны чытач мог самастойна ацаніць упадабаныя творы і стаць удзельнікам народнага журы. Чытацкае галасаванне было створана ў дадатак да афіцыйнага, з сымбалічнымі мэтамі. У той час як пераможца афіцыйнай прэміі ўпершыню атрымаў не толькі маральную перамогу, але і матэрыяльны прыз. 

Дызайн узнагароды: Ігар Юхневіч і Ян Карпаў
Выраб узнагароды: Ян Карпаў
Фота: Ян Карпаў

 Паводле інфармацыі ПЭН-цэнтра