Таццяна Нядбай: Некаторыя пісьменнікі пачынаюць ствараць літаратуру, толькі калі апынуцца ў бяспецы, па-за Беларуссю

Ужо заўтра будуць абвешчаныя лаўрэаты дзясятага, юбілейнага, сезона прэміі імя Ежы Гедройца. «Польскае радыё» паразмаўляла з намесніцай старшыні Беларуска ПЭН-цэнтра Таццянай Нядбай.

Таццяна Нядбай. Фота: pradmova.by

Таццяна Нядбай. Фота: pradmova.by

Ужо заўтра будуць абвешчаныя лаўрэаты дзясятага, юбілейнага, сезона прэміі імя Ежы Гедройца. Прэмія ўручаецца за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы. Цырымонія ўручэння будзе праходзіць упершыню не ў Беларусі.

Гэтая прэмія ўручаецца за найлепшую празаічную кнігу на беларускай мове. Дзясятае ўручэнне мы, на жаль, вымушаныя арганізаваць у Варшаве. Бо ў Мінску не можам гарантаваць бяспеку для ўдзельнікаў і арганізатараў цырымоніі. Мы вырашылі скарыстацца сітуацыяй, што сёння даволі шмат прадстаўнікоў беларускіх культурніцкіх ініцыятыў, беларускіх пісьменнікаў ды і ладная частка Беларускага ПЭНа цяпер у Варшаве, і зрабіць афлайн цырымонію тут. Але будзе і анлайн, каб усе зацікаўленыя, усе аўтары змаглі далучыцца і паўдзельнічаць у цырымоніі.

Іронія ў тым, што дзесяць гадоў таму, калі прэмія была заснаваная, суарганізатарамі яе, акрамя ліквідаваных уладамі «Беларускага ПЭН-цэнтра» і «Саюза беларускіх пісьменнікаў», была амбасада Польшчы. Але ўжо год як з Мінска адкліканы для кансультацый пасол Польшчы ў Беларусі. Цырымонія, якая будзе афлайн у Варшаве, зробіць магчымым удзел польскіх партнёраў.

Але спадзяёмся, што 11 цырымонію ўручэння прэміі імя Ежы Гедройца мы зможам правесці ўжо ў Мінску.

Таццяна падкрэслівае, што ў цяперашніх умовах многіх асоб, якія дапамагалі ў тым, каб было магчыма арганізаваць дзясяты сезон прэміі імя Ежы Гедройца, падчас цырымоніі папросту будзе немагчыма назваць з мэтаў бяспекі. Таму падзякі будуць ананімнымі — без прозвішчаў, без згадвання інстытуцый.

Вокладкі кніг з Шорт-ліста 2021 прэміі імя Ежы Гедройца

Вокладкі кніг з Шорт-ліста 2021 прэміі імя Ежы Гедройца

 

Шорт-ліст прэміі выглядае так:

Таня Скарынкіна, кніга «Райцэнтр». Непрыкметная, на першы погляд, Смаргонь гаворыць унікальным Таніным голасам — і робіцца літаратурай.

Сяргей Абламейка, «Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі». Доктар гісторыі Сяргей Абламейка па-новаму разглядае асобу і дзейнасць Кастуся Каліноўскага і бачыць за яго сацыяльнай рыторыкай глыбокі нацыянальны зьмест.

Сяргей Календа, «Акварыум. Гісторыя аднаго юнацтва». «Акварыум» завяршае трылогію, пачатую кнігай «Падарожжа на край ложка» і падхопленую «Часам панкі паміраюць». Аповесць складзеная з фрагментаў гісторый кахання і любові двух герояў, якія не зусім рэальна і кожны па-свойму глядзяць на сваё жыццё і на сваіх жанчын.

Андрэй Федарэнка і яго раман «Жэтон на метро». Новы раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро» знешне нібыта працягвае прыгодніцкую тэму дзвюх яго папярэдніх кніг, «Афганскай шкатулкі» і «Шчарбатага талера» (паводле апошняга на «Беларусьфільме» зняты тэлевізійны міні-серыял), толькі разлічаны не на падлеткаў, а на дарослых. У межах крымінальнай гісторыі ў рамане арыгінальна разгортваецца вечны сюжэт злачынства і пакарання.

Артур Клінаў, раман «Локісаў». «Герой нашага часу — хто ён? Чалавек з двайной ідэнтычнасцю? Асоба з другім, прыхаваным жыццём? Партызан? Пярэварацень? Палітык, які прамаўляе тое, што хоча чуць ад яго публіка, але ніхто дакладна не ведае, што ў яго ў галаве». Хоць раман ствараўся амаль тры гады і быў закончаны яшчэ год таму, але падзеі, якія апісаны у ім, амаль па-прароцку адлюстроўваюць тое, што сёння адбываецца у Беларусі.

Ева Вежнавец, раман «Па што ідзеш, воўча?». Рына, алкагалічка сярэдніх гадоў, з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабкі ў забытую богам беларускую глушэчу. Пакуль памірала яе старая, Рына займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе. Адзінае, чаго яна хоча цяпер, — спакою. Але дома яе чакае неспадзяванка: старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Ці можна ўсё выправіць, калі ты і блізка не цягнеш на гераіню? Рыне трэба пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць.

Жанр гэтай кнігі — балотная казка. Гэта цяжкая, але выдатная гісторыя, якая шмат што расказвае пра гісторыю Беларусі і яе людзей цягам апошніх ста гадоў.

Намесніца старшыні «Беларуска ПЭН-цэнтра» Таццяна Нядбай падкрэслівае, што, хаця Вярхоўны суд Беларусі пазбавіў ПЭН рэгістрацыі, як і дзясяткі іншых грамадскіх арганізацый, праца не спыняецца. Кіраўніцтва Беларускага ПЭНа будзе шукаць магчымасці працаваць легальна і спадзяецца, што ўрэшце зможа аднойчы зарэгістраваць ПЭН-цэнтр зноў у Беларусі.

Што тычыцца творчасці ў такіх няпростых умовах, то, паводле слоў Таццяны Нядбай, усё вельмі індывідуальна. Нехта замаўкае, а нехта наадварот бачыць імпульсы да творчасці ў падзеях.

Апошнія гады паказалі, што жыццё цікавейшае за літаратуру. Тое, што з намі адбылося, мне падаецца, вельмі ўзрасціла нас, дазволіла нам падняцца па-над сабою, і ў творчым сэнсе таксама. Творчы працэс — вельмі індывідуальны, нельга казаць за ўсіх агулам.

Хтосьці фіксуе ўражанні ў дзённіку, і гэты дзённік выходзіць, хтосьці піша паэтычны дзённік — і ён выходзіць, — як Дзмітрый Строцаў, напрыклад. Хтосьці, як Святлана Алексіевіч, піша кнігу ў сваім жанры і стылі. Хтосьці піша, а хтосьці замаўкае. І, можа быць, для таго, каб некалі зноў пачаць пісаць.

Хтосьці пачынае пісаць, толькі калі апынаецца ў бяспецы. Я чула і такія гісторыі ад калег, якія расказвалі, што ў Беларусі доўгі час не маглі пісаць, але як выехалі, ачунялі і прыйшлі ў сябе, зноў з іх пачала ліцца літаратура.

Напэўна, я б нават сказала, што мы можам быць удзячныя той рэчаіснасці, што дала нам столькі эмоцый і перажыванняў, якія цяпер можна выплёхваць на паперу.

Далучыцца да трансляцыі прэміі можна будзе па спасылцы заўтра (26 лістапада) а 16.00 па мінскім часе, або а 14.00 — па варшаўскім часе.