«Yeah! Yeah! U.S.A.!». Як «бітлы» захапілі Амерыку

60 гадоў таму, 7 лютага 1964 года, гурт «The Beatles» адправіўся ў свой першы тур па ЗША. Пачалося славутае «брытанскае ўварванне». 

The Beatles на «Шоу Эда Салівана», wikipedia.org

The Beatles на «Шоу Эда Салівана», wikipedia.org

Дарэчы, паняцце «брытанскае ўварванне» ў падручніках гісторыі выкарыстоўваецца таксама для абазначэння інтэрвенцыі брытанцаў у ЗША падчас вайны 1812 года. Зрэшты, пра тыя падзеі да 1964-га амерыканцы практычна забыліся, хоць ангельцы тады нават спалілі іх сталіцу Вашынгтон. Ніякіх антыпатый да брытанцаў яны не адчувалі, асабліва пасля нядаўняй Другой сусветнай, калі абедзве краіны ўваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю. Але асабліва культурнымі працэсамі ў Вялікабрытаніі таксама не цікавіліся.

«Бітлы» падчас палёту праз Атлантыку не слаба турбаваліся наконт таго, як іх будзе сустракаць амерыканская аўдыторыя. Адна справа фантастычны поспех на радзіме і ў Еўропе, а іншая — у ЗША, дзе на той момант толькі адзін бітлоўскі сінгл «I Want to Hold Your Hand» меў адносны поспех. Дарэчы, толькі ў кастрычніку 1963 года ў ЗША з'явіліся першыя газетныя артыкулы аб такой еўрапейскай з’яве як «бітламанія».

Глядзіце таксама

Аднак па прыбыцці ў Штаты ўсе сумневы наконт поспеху тура ўмомант зніклі. Пасля прызямлення ў нью-ёркскім аэрапорце музыкаў вітаў шумны натоўп тынейджраў колькасцю каля 3000 чалавек. Не менш шчаслівай за амерыканскіх бітламанаў была і брытанская прэса. Лонданская газета Daily Mirror на наступны дзень выйшла пад загалоўкам: «Yeah! Yeah! U.S.A.!» ( Yeah! Yeah! — характэрны крык «бітлоў» на сцэне падчас выступаў).

Праз два дні ліверпульская чацвёрка ўпершыню выступіла ў ЗША ў рамках тэлевізійнай праграмы «Шоу Эда Салівана», якое паглядзелі прыкладна 73 мільёны гледачоў, або 34 адсоткі насельніцтва Амерыкі. 

Адзін з біёграфаў «Beatles» сцвярджае, што, гэта была «самая вялікая аўдыторыя, калі-небудзь зафіксаваная для амерыканскай тэлепраграмы». Зрэшты, газетных каментатараў гэтая статыстыка не пакарыла. Большасць калумністаў амерыканскіх СМІ была не ў захапленні ад гасцей з Альбіёна.

Наступныя дні прадэманстравалі, наколькі, інтэрпрэтуючы цытату класіка, былі далёкія гэтыя каментатары ад народа. Усе канцэрты «Beatles» у ЗША прайшлі «на ўра». Калі 22 лютага музыкі выляталі на радзіму, эпідэмія «бітламаніі» цалкам ахапіла Амерыку. Як прыклад: ужо ў сакавіку-красавіку «The Beatles» займалі дванаццаць пазіцый у чарце сінглаў Billboard Hot 100, у тым ліку пяцёрку лепшых песень.

Трэба сказаць, што «бітлы» таксама былі ў шоку ад ваяжу за акіян. На той момант Амерыка была сусветнай культурнай, эканамічнай і палітычнай метраполіяй, патрапіць куды марылі многія маладыя еўрапейцы. Як прызнаваўся ў адным з інтэрв'ю Рынга Стар, ён нават уявіць не мог, што ён, ураджэнец беднай працоўнай сям'і з Ліверпуля, калі-небудзь убачыць Амерыку.

Што было пасля? Поспех «The Beatles» у ЗША адчыніў дзверы для цэлай хеўры брытанскіх біт-гуртоў і поп-выканаўцаў, такіх як Dave Clark Five, The Animals, Petula Clark, The Kinks і The Rolling Stones, якія дабіліся грандыёзнага поспеху ў Амерыцы. Іх паспяховыя гастролі на працягу наступных трох гадоў і спарадзілі такі тэрмін як «брытанскае ўварванне».

Глядзіце таксама

Аднак куды важней былі наступствы прыезду «бітлоў» для амерыканскага соцыуму і маладзёвай культуры 60-х. Па-першае, першы візіт ліверпульскай чацвёркі ў ЗША адбыўся, калі краіна ўсё яшчэ сумавала праз забойства прэзідэнта Джона Ф. Кэнэдзі ў Даласе ў лістападзе мінулага года.

Сучаснікі адзначаюць, што для многіх амерыканцаў, асабліва для моладзі, выступленні «The Beatles» адрадзілі пазітыўныя пачуцці і аптымізм, якія на нейкі час згаслі пасля забойства прэзідэнта. «Калі рок-гурт прыехаў Амерыку, гэта было падобна на тое, як быццам мы зноў змаглі бачыць яркія колеры», — успамінаў пазней адзін з амерыканскіх фанатаў «The Beatles».

Гэта не ўсё. Маштаб уплыву бітлоў стаўся куды больш глабальным. «The Beatles» не толькі вярнуў амерыканцам энтузіязм, але таксама, як пісаў адзін з гісторыкаў, паскорыў афармленне «дэмаркацыйнай лініі паміж пакаленнямі».

Прычоска, незвычайна доўгая для таго часу, музыка, тэкст песняў брытанскіх музыкаў сталі аб'ектам жартаў многіх дарослых. І тут жа рок-гурт стаў эмблемай бунту моладзі, якая і так усё часцей адмаўляла каштоўнасці бацькоў. Усё гэта ў выніку радыкалізавалі маладзёжныя субкультуры і студэнцкі рух 60-х, якія неўзабаве поўнасцю зменяць Амерыку. 

Глядзіце таксама

А паколькі цяпер амерыканцы і еўрапейцы слухалі адну і тую ж музыку то пасля лютага 64-га пачаўся паўставаць сусветны маладзёвы рух, які хутка стане фактарам грамадска-палітычных зменаў у шматлікіх кутках планеты. 

Ці марылі і ўвогуле думалі пра гэта Ленан, Маккартні, Рынга Стар і Харысан, калі 60 год назад ляцелі ў Штаты? Наўрад. Зрэшты, у гэтым і ёсць унікальнасць славутага квартэту з Ліверпуля. Як пішуць гісторыкі і культуролагі, нейкім дзіўным чынам «бітлы» ў сваіх творах і ўчынках  здолелі рэагаваць на самыя важныя сацыяльныя і псіхалагічныя запыты той эпохі.