Эрык Рубін: Прагрэс Беларусі ў сферы правоў чалавека спрасціў б супрацоўніцтва з МВФ

ЗША прывіталі б прагрэс у сферы правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, што аблегчыла б падтрымку магчымага супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам (МВФ) у будучыні, у кантэксце наяўных абмежаванняў у заканадаўстве ЗША.



rubin_2_245.jpg

Эрык Рубін, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі

 Аб гэтым у эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Эрык Рубін.
"Важна адзначыць, што ЗША з'яўляюцца членам МВФ з колькасцю галасоў менш чым 20%. Так што не ў нашай уладзе вырашаць, ухваліць МВФ заяўку ці не", — падкрэсліў Рубін. 
"Я таксама павінен адзначыць, што амерыканскае заканадаўства ўтрымлівае палажэнні, якія накладваюць пэўныя абмежаванні на магчымасць падтрымкі новай праграмы МВФ для Беларусі. Гэтыя палажэнні тычацца пытанняў дэмакратыі і правоў чалавека. Мы б прывіталі паляпшэнні ў гэтых сферах, што аблегчыла б магчымасць нашай падтрымкі новай праграмы МВФ у будучыні", — дадаў ён, заўважыўшы, што для паспяховага разгляду заяўкі краінам неабходна таксама адпавядаць шэрагу эканамічных патрабаванняў.
Прадстаўнік Дзярждэпа ўзгадаў акт у падтрымку дэмакратыі, які, паводле яго слоў, абмяжоўвае магчымасць для ўрада ЗША падтрымліваць дапамогу міжнародных фінансавых інстытутаў без адпаведных паляпшэнняў у галіне правоў чалавека.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН