Cтаршыня аргкамітэту Мінскага гей-прайда: «Мы хочам быць абароненымі і не хочам — прыніжанымі»
Чаму гей-прайд — не прапаганда, а спосаб адстаяць правы ЛГБТ-супольнасці? Ці ёсць у гэтым патрэба і ці ёсць нешта агульнае паміж геямі і фрыкамі — распавядаюць арганізатары дзявятага Мінскага гей-прайда.
Старшыня аргкамітэту Мінскага гей-прайда Кацярына Борсук
Праблема ЛГБТ-супольнасці ёсць
Смешна чытаць пра аднарукага, якога штрафуюць за плясканне ў далоні ў сераду. Сумна — пра памерлага ад атрыманых у СІЗА пабояў. А пра тое, што ў міліцыі могуць не заўважаць, як хлопца збілі гамафобы, многія проста не ведаюць, піша ampby.org.
«Шмат хто кажа, што гамафобіі і трансафобіі ў Беларусі няма. Няхай гэтая кніжка стане першым аргументам аб рацыі беларускіх ЛГБТ-актывістаў, — піша Сяргей Андросенка ў прадмове да кнігі «Хронікі дыскрымінацыі і прыгнёту ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі ў 2008-2013 гадах».
Парушэнне права на свабоду думкі, мірныя сходы і не толькі
З самых яскравых праблем ЛГБТ (лесбіянкі, геі, бісексуалы і трансгендары) ў прававым плане можна назваць парушэнне права на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі: затрыманні падчас мірных акцый і сталая забарона на іх правядзенне, немагчымасць зарэгістраваць праваабарончую арганізацыю.
Права на свабоду слова і выражэння ўласнай думкі парушаецца праз абмежаванне доступу да некаторых рэсурсаў (напрыклад, gay.ru i lesbi.by), затрыманне нумароў часопісу «Pride» і тое, што сцяг ЛГБТ у Беларусі па-за законам.
Права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. У студзені-лютым 2013 году адбылося каля 10 міліцэйскіх аблаваў з затрыманнямі ў клубах. Напрыклад, міліцыя шукала непаўгагадовых сярод 30 і 40-гадовых асоб, якія наведвалі ЛГБТ-вечарыны.
Міліцыянт: «Мне гэта не падабаецца і ўсяму народу не падабаецца»
Некаторыя міліцыянты пакутуюць на гамафобію: «Я натурал. Мне гэта не падабаецца і ўсяму народу не падабаецца… мы абавязаныя… па магчымасці знайсці артыкул, пад які можна падвесці такія дзеянні» — адказвае міліцыянт на пытанне, ці можна хлопцу сядзець на каленях у хлопца ў грамадскім месцы.
Такое «не падабаецца» параджае наступствы большыя за «был бы человек, а статья найдётся». Напрыклад, у Гомелі збітаму на глебе гамафобіі хлопцу ў 2010 годзе адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Пацярпелы Раман Ф.: «Адзін з малойчыкаў (у прысутнасці міліцыі) яшчэ раз ударыў мяне ў твар. На што супрацоўнікі міліцыі проста спыталі: «А ён вас ударыў?»
Супрацоўнік міліцыі: «… усё адбылося ў цёмны час сутак, таму дзеянні не былі выражаныя ў грубым парушэнні грамадскага парадку… у дзеяннях А. адсутнічае склад крымінальна каральных дзеянняў…»
Сэксуальная арыентацыя — не чаравікі
На расповед пра праблемы ЛГБТ-супольнасці людзі часта рэагуюць узбурэннем: маўляў, я ж не ладжу шэсці з нагоды сваёй гетэрасэксуальнасці.
Старшыня аргкамітэту Мінскага гей-прайда Кацярына Борсук лічыць, што людзі звычайна вельмі вузка глядзяць на сябраў ЛГБТ-супольнасці. Яны мяркуюць, што мэта супольнасці — расказваць пра сваю сэксуальнасць і як гэта класна.
Насамрэч мэта — адстаяць свае правы, атрымаць такія ж умовы для жыцця, як і астатнія людзі.
«Мы хочам быць абароненымі і не хочам — прыніжанымі ў школах, універсітэтах і паліклініках толькі праз сваю сэксуальную арыентацыю. Яна вызначаная не намі, а прыродай. Гэта не стыль жыцця і гэта не як змяніць чаравікі, праз месяц апрануўшы новыя», — упэўнена дзяўчына.