Лукашэнка хоча пагаварыць на траіх з Пуціным і Парашэнка

Лукашэнка заявіў, што хацеў бы абмеркаваць сітуацыю ва Украіне з Уладзімірам Пуціным і Пятром Парашэнкам ў трохбаковым фармаце.



lu_poroch_i_pu.jpg

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю вядучаму інфармацыйна-аналітычнай праграмы «Цэнтральнае тэлебачанне» расійскага тэлеканала НТВ Вадзіму Такменеву.
«Мне заўсёды хацелася і цяпер яшчэ больш хочацца сказаць: хлопцы, давайце сядзем і на справе, вось мы ўтрох без усялякіх пасярэднікаў, дамовімся, як мы спынім гэтую вайну, калі мы хочам яе спыніць, як зразумець і як засцерагчы вось гэтых людзей, якія многія ідэйна ваявалі за сваю зямлю, як з імі дамовіцца?», — сказаў Лукашэнка.
У інтэрв'ю Лукашэнка таксама падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі правядзення сустрэчы «нармандскай чацвёркі» і распавёў, навошта ён тэлефанаваў Пуціну напярэдадні мерапрыемства. «Я яму распавёў, як дамаўляліся, што вось гэта зрабілі, гэта зрабілі, нават дзіркі на асфальце заклеілі, —  сказаў ён. — Я кажу: паўтысячы журналістаў, цікавасць каласальная. Але, напэўна, кажу, ты не адсачыў, у інтэрнэце ўжо пачынаюць укідваць, што Пуцін плюне на ўсё... Вось я яму гэта распавёў і кажу: я цябе чакаю ў Мінску».
Падчас развітання з Пятром Парашэнкам Лукашэнка спытаў у ўкраінскага лідэра пра ягоныя ўражанні пра мінулую сустрэчу. «Ён сказаў: мы зрабілі максімум, вельмі цяжка будзе працаваць з імі. Я потым жартам кажу: ды нармальныя яны хлопцы і ў Данецку, і ў Луганску, дамовімся. Ён засмяяўся і кажа: ну, твой бы аптымізм усім», —  распавёў Лукашэнка.
БелаПАН