Роля Васкрасенскага. Як улада спрабуе раскалоць апазіцыю

Цяпер стала больш зразумелай тактыка ўладаў, якую яны рэалізуюць пасля візіту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ, піша палітолаг Валерый Карбалевіч у блогу на «Радыё Свабода».

Юрый Васкрасенскі сядзіць побач з Аляксандрам Лукашэнкам падчас сустрэчы з палітвязнямі ў ізалятары КДБ, 10 кастрычніка

Юрый Васкрасенскі сядзіць побач з Аляксандрам Лукашэнкам падчас сустрэчы з палітвязнямі ў ізалятары КДБ, 10 кастрычніка

Сутнасць яе ў тым, каб раскалоць пратэсны рух, штучна стварыць нейкі новы цэнтр апазіцыі з палітвязняў, якія ўдзельнічалі ў той гістарычнай сустрэчы ў турме, і абвясціць яе канструктыўнай. Гэтая памяркоўная частка апанентаў рэжыму павінна заклікаць народ спыніць пратэсты і прыняць удзел у распрацоўцы новай Канстытуцыі.
З 12 удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам вызвалілі пяцёх: Юрыя Васкрасенскага, Дзмітрыя Рабцэвіча, Іллю Салея, Віталя Шклярава і Лілію Уласаву. Вызваленнем гэта можна назваць толькі ўмоўна. Проста змянілі меру стрымання. Абвінавачанні ім не знятыя, яны пад хатнім арыштам. Гэта такі спосаб трымаць людзей на кручку.
Як можна зразумець, пакуль паводле прапанаваных уладамі правілаў гатовы гуляць толькі Юрый Васкрасенскі. Дзяржаўныя СМІ спрабуюць ляпіць з яго прадстаўніка канструктыўнай апазіцыі, згоднай удзельнічаць у працэсе канстытуцыйнай рэформы, а не выходзіць на вуліцу і пратэставаць.
Але атрымліваецца пакуль вельмі груба і непераканаўча. Так адбываецца амаль заўсёды, калі ўлады Беларусі спрабуюць гуляць у якую-небудзь складаную гульню. Іншая рэч — біць дубінкай па галовах. Зразумела і немудрагеліста. А пры складанай гульні трэба ж, каб у яе паверылі.
Пасля ўсяго, што Васкрасенскі нагаварыў у інтэрв'ю з СІЗА КДБ беларускім тэлеканалам, называць яго прадстаўніком апазіцыі неяк дзіўна. Нагадаю, што ён усяляк абліваў брудам праціўнікаў рэжыму, апавядаў, што ўсе яны працуюць за заходнія грошы, асуджаў вулічныя пратэсты, хваліў Лукашэнку. Інакш кажучы, Юрый цяпер гаворыць выключна мовай БТ, або, калі заўгодна, КДБ. Цяпер ён такі ж «апазіцыянер», як Алег Гайдукевіч.
Такім чынам, гульня на раскол праціўнікаў рэжыму пакуль ідзе вельмі дрэнна. Мабыць, зламаць астатніх вязняў не ўдаецца. Юрый Васкрасенскі ў гэтым сэнсе — эксклюзіўны асобнік.
Мабыць, праблема ў тым, што спачатку Васкрасенскага выкарыстоўвалі толькі ў якасці выкрывальніка праціўнікаў рэжыму. А потым нечакана вырашылі памяняць яму ролю. Але калі ў адным спектаклі актор выконвае адначасова розныя ролі, то вынікае нейкае глупства. Усё гэта паказвае, што ў рэжысёра відавочны дэфіцыт артыстаў падобнага амплуа.