У Мінску праходзіць санкцыянаваны мітынг за змякчэнне «наркатычнага» артыкула

30 траўня ў Кіеўскім скверы Мінска праходзіць санкцыянаваны мітынг за дэкрыміналізацыю і рэформу "наркатычнага" артыкула 328. Арганізатарамі выступаюць «Матчын рух 328» і кампанія «Legalize Belarus», паведамляе Еўрарадыё.

mityng.jpg

Арганізатары падалі заяўку на 100 чалавек. Паслугі хуткай дапамогі, камунальнікаў і міліцыі абышліся ў 900 рублёў. Мітынг праходзіць з 14-й па 16-ю гадзіну.
Адна з актывістак "Матчынага руху" Алена Кузьміна прыйшла ў Кіеўскі сквер у касцюме "неўсталяванай асобы". Менавіта такая фармулёўка фігуруе ў шматлікіх справах па артыкуле 328 (маўляў, наркотыкі былі купленыя ў неўсталяванай асобы).
Родныя асуджаных па "наркатычным" артыкуле выстаўляюць каля фантана ў Кіеўскім скверы абутак. Па словах Кузьміной, гэта алюзія на мемарыял памяці пра ахвяры Халакосту на беразе Дуная.
“Адпраўляючы нашых дзяцей на такія велізарныя тэрміны, дзяржава адпраўляе іх на смерць", — кажа Кузьміна.

На мітынгу выступілі маці, чые дзеці асуджаныя па артыкуле 328, у тым ліку тыя, хто падаў у суд на МУС. Таксама з прамовай выступіў актывіст Legalize Belarus Стас Шашок.
Сёння ў 11:00 каля парламента таксама збіраліся "Маці-328". Там сабралося каля 50 чалавек, некаторыя з іх пасля прыйшлі на мітынг.
"Мы сабралі подпісы за тое, каб Палата прадстаўнікоў не зацягвала з разглядам паправак у артыкул 328. Наш зварот перададзены ў сакратарыят Савета міністраў", — распавяла Ліяна Шуба.