У Мінск прыбыў дзяржсакратар Ватыкана

Афіцыйны візіт кардынала П'етра Параліна,  дзяржаўнага сакратара Святога прастола ажыццяўляецца паводле запрашэння беларускіх уладаў і будзе доўжыцца па 15 сакавіка.



parolin.jpg

Дзяржсакратар Ватыкана плануе асвяціць першы камень новага будынка апостальскай нунцыятуры (вул. Залатая Горка, 11) у Мінску, сустрэцца з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, а таксама членамі Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Апрача таго, кардынал Паралін возьме ўдзел у між`епархіяльным велікапосным начным дбанні моладзі, якое пройдзе з 14 на 15 сакавіка ў мінскім касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). Раніцай 15 сакавіка дзяржсакратар Ватыкана ўзначаліць святую імшу ў сталічным архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У паведамленні апостальскай нунцыятуры аб візіце кардынала Параліна зазначаецца, што такім чынам папа рымскі Францыск "жадае выказаць сваю глыбокую павагу беларускаму народу і праз свайго найбліжэйшага супрацоўніка сустрэцца з католікамі Беларусі ў малітве і адзінстве сэрцаў".

Варта зазначыць, што ў 2008 годзе Мінск наведваў кардынал Тарчызіа Бертоне, які тады з`яўляўся дзяржсакратаром папы Бенедыкта XVI. А ў ліпені 2013-га ў Беларусі пабываў яшчэ адзін высокі прадстаўнік Ватыкана, старшыня Папскага савета па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран. У якасці легата папы рымскага Францыска ён прысутнічаў на святкаванні 400-годдзя знаходжання ў Будславе (Мядзельскі раён, Мінская вобласць) абраза Божай Маці.

Цяперашні дзяржсакратар Святога прастола кардынал П`етра Паралін нарадзіўся ў 1955 годзе на поўначы Італіі. Прэсвітарскае пасвячэнне атрымаў у 1980 годзе, і хутка пасля гэтага пачаў вучобу ў папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, рыхтаваўся да дыпламатычнай службы ў папскай Касцельнай акадэміі.

З сярэдзіны 1980-х гадоў вёў дыпламатычную службу ў Нігерыі, у 1990-х — у Мексіцы. Вярнуўшыся ў Ватыкан, працаваў у дзяржсакратарыяце Святога прастола, адказваючы за кантакты з Андорай, Іспаніяй, Італіяй і Сан-Марына. У лістападзе 2002 года быў прызначаны намеснікам сакратара аддзела па адносінах Ватыкана з іншымі дзяржавамі. У жніўні 2009 года быў прызначаны апостальскім нунцыем у Венесуэле. У той жа год атрымаў біскупскае пасвячэнне з рук папы Бенедыкта XVI.

Папа Францыск прызначыў кардынала Параліна дзяржаўным сакратаром 31 жніўня 2013 года. Дзяржсакратар з`яўляецца галоўным супрацоўнікам папы ў кіраванні Усяленскай царквою, найвышэйшым прадстаўніком Святога прастола на міжнароднай арэне, а ў пэўных умовах прадстаўляе асобу самога пантыфіка.

БелаПАН