«Вагнераўскі мяцеж» і ягоныя наступствы. Чаго чакаць у далейшым?

Сімбіёз незаконнай ПВК «Вагнера» і расійскай дзяржавы абяцаў апошняй вялікія перавагі, перш за ўсё, у прасоўванні інтарэсаў расійскага кіраўніцтва за мяжой. Прафесійныя найміты, ды яшчэ і з патрыятычнымі настроямі, эфектыўна пашыраюць расійскі ўплыў на розных кантынентах, а Расія пры гэтым не нясе аніякай адказнасці за іхнія дзеянні.

Фота з overclockers.ru

Фота з overclockers.ru

Можна і кантрабандай зброі займацца, і мясцовае насельніцтва тэрарызаваць, і багацці нетраў прысабечваць. Што можа пайсці не так?

Як зляпіць канкурэнта ўласнымі рукамі

Але жыццё, як вядома, багацейшае за схемы. Вось і з «Вагнерам» атрымалася не зусім так, як усім вымалёўвалася першапачаткова. І найбольшую ролю тут адыграла дзяржаўная прапаганда. Расійская дзяржава не толькі разглядала ПВК як інструмент прасоўвання сваіх эканамічных і палітычных інтарэсаў за мяжой, але й пачала сваімі рукамі фармаваць ёй імідж гэткага калектыўнага «супэрмэна», які здольны на любыя подзьвігі і дасягненні.

Істотную ролю ў імклівым росце папулярнасці «Вагнера» адыграў культ сілы, які даўно насаджваецца ў Расіі з задзейнічаннем усіх немаленькіх рэсурсаў дзяржаўнай прапаганды. Вобраз моцнага байца, які грае па сваіх правілах і не падпарадкоўваецца законам, але пры гэтым з’яўляецца патрыётам і абараняе «інтарэсы» сваёй радзімы на далёкіх подступах да ейных межаў у экзатычных краінах, мае ўніверсальна прыцягальны вобраз не толькі ў Расіі. А тут яшчэ дадаецца вялікая доля цынізму і чорнага гумару, якія часцяком суправаджаюць дзейнасць групы. Прычым, дзейнасць не кіношная, а сапраўдная. У выніку атрымліваецца такая сумесь з сілы, незалежнасці і сапраўднасці, якой пазайздросціць любы палітык у свеце.

Вось тут і хаваецца пастка для расійскага палітычнага кіраўніцтва. Уласнаручна раскруціўшы папулярнасць групы «Вагнера» да неверагодных маштабаў, зрабіўшы ёй імідж самай баяздольнай узброенай адзінкай Расіі, яно паставіла сябе перад вельмі сур’ёзнай дылемай.

Сам Прыгожын на гэтым падмурку пачаў паспяхова развіваць свой імідж найбольш эфектыўнага ваеначальніка Расіі. Цяпер цяжка казаць, адкуль ён увогуле ўзяўся ў сувязі з групай «Вагнера», але відавочна, што ягоны досвед супрацы з групай зусім не маленькі. Тым не менш, публічна іхняя сувязь была прызнана зусім нядаўна — некалькі месяцаў таму. І за гэты час Прыгожын схітрыўся трывала заняць сваё месца і ў медыяпрасторы, і ў сэрцах шматлікіх расійцаў. У тым ліку — сярод жаўнераў і афіцэраў рэгулярнай арміі. Раскрутка «поспехаў» групы ў Бахмуце на фоне крытыкі ў бок расійскага вайсковага камандвання, прывяла да таго, што Прыгожын здзейсніў імклівы рывок ад нікому не вядомай мутнай фігуры, праз папулярную медыяперсону — да чалавека з істотнай палітычнай вагой.

Што рабіць гэтаму вышэйшаму кіраўніцтву ў такой сітуацыі, калі Прыгожын агучвае патрабаванні і кідае папрокі ў бок міністра абароны і іншых расійскіх ваеначальнікаў, якія, па ягоных словах, мала, што самі не ў стане дасягнуць поспеху ў вайне, дык яшчэ і усялякім чынам замінаюць дзейнасці супер-пупер эфектыўных «вагнераў»? Пазбавіць Прыгожына ўсіх прэферэнцыяў, а групу расфармаваць? Кепскае рашэнне, бо гэта дэманструе страх улады перад папулярным чалавекам і эфектыўнай ваеннай арганізацыяй, якой ужо ўтвораны імідж галоўнай надзеі расійцаў на ўкраінскім фронце. Акрамя таго, група Вагнера — гэта не толькі Украіна. Гэта яшчэ і вялікія расійскія інтарэсы ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Ліквідацыя групы выкліча сур’ёзную занепакоенасць у тых афрыканскіх лідэраў, улада якіх трымаецца, у тым ліку, на штыхах «вагнераўцаў». А гэта, у сваю чаргу, паставіць пад пытанне палітычны ўплыў Крамля на Афрыканскім кантыненце, з якім расійскае кіраўніцтва знітоўвае вялікія спадзяванні.

Можа, лепей працягнуць падтрымліваць імідж групы, а таксама і Прыгожына, каб працягваць мець у сваім распараджэнні такі рэсурс? Але гэтае рашэнне пагражае далейшым ростам папулярнасці Прыгожына, што ставіць пад рызыку ўжо палітычныя перспектывы самога Пуціна. Безумоўна, такі варыянт разгортвання падзеяў ні ён, ні ягонае атачэнне (асабліва з сілавікоў) у аніякім разе не жадаюць пабачыць.

Глядзіце таксама

Калі стратэгія — не твой моцны бок

Відавочна, што расійскім кіраўніцтвам абраны быў першы варыянт, які нёс, падавалася, меней рызыкі. Разлік быў на паступовы і незаўважны ціск на групу «Вагнера» і Прыгожына, што прывяло б, па выніку, да інкарпарацыі групы ў расійскую армію. Але пры распрацоўцы гэтага плану не былі ўлічаны ні маштаб папулярнасці Прыгожына, ні маштаб ягоных амбіцыяў. А дарэмна. Тым больш, што вось ён — прыклад, перад самымі вачыма: бягучыя падзеі ў Судане. Нагадаю, што там ужо некалькі месяцаў ідуць баі паміж арміяй і сіламі хуткага рэягавання. Прычым, падстава для канфлікту тая ж: праблема ўключэння СХР у рэгулярнае войска. Але моцны і амбітны лідэр СХР — генерал Дагала — не пажадаў проста так губляць свой уплыў. Дарэчы, па некаторых звестках, група «Вагнера» была заўважанай за перадачай СХР сродкаў супрацьпаветранай абароны, хоць Прыгожын катэгарычна адвяргаў магчымасць падобнага.

Стратэгічныя распрацоўкі — не самая моцная рыса расійскага кіраўніцтва. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, дзеянні Пуціна не былі часткай дасканала распрацаванай стратэгічнай лініі. Як правіла, яны былі рэяктыўнымі і насілі тактычны характар. Іншая справа, што ён паспяхова (прынамсі, дагэтуль) карыстаўся некаторымі магчымасцямі, якія давалі тактычныя перавагі.

Напрыклад, сітуацыя, калі сірыйская грамадзянская вайна нарадзіла вялікую плыню ўцекачоў у суседнія краіны. Частка гэтых уцекачоў у далейшым накіравалася ў Еўропу, з чаго расійскай прапагандай да цывілізацыйных маштабаў была раздзьмутай тэма «мігранцкай пагрозы». Стратэгічных перавагаў гэта не прынесла, але некаторыя плюсікі прарасійскія палітычныя сілы ў Еўропе з гэтага атрымалі. Ну і сам Пуцін, канечне, які «зноў усіх перайграў». Хоць апошняе, збольшага, тычылася аўдыторыі расійскіх медыя (беларусаў, нажаль, таксама), якія паверылі ў ягоны стратэгічны геній. 

Не апошнюю ролю тут адыгрывае і прага некаторых людзей абавязкова бачыць за істотнымі падзеямі чыюсці злую (ці добрую) волю. На гэтыім і грунтуецца ўяўленне, што ўсё значнае, што адбываецца ў Расіі ці мае да яе дачыненне, з’яўляецца элементамі рэялізацыі складаных доўгатэрміновых плянаў, распрацаваных Пуціным і ягонымі набліжанымі дзеля далейшага ўмацавання і пашырэння ягонай улады. Па выніку, нават без дадатковых закідаў і намёкаў, пасля падобных падзеяў эксперты самых разнастайных узроўняў кідаюцца гэтыя планы «дэшыфроўваць» і тлумачыць — як сабе, так і шырокай аўдыторыі.

(Неда)мяцеж Прыгожына, бадай, з’яўляецца найлепшай ілюстрацыяй адсутнасці хоць нейкай стратэгіі ў крамлёўскага кіраўніцтва. Бо мяцежнікі, якія ледзь не парадным маршам ішлі на Маскву, вынішчаючы пры гэтым авіяцыйную тэхніку, што спрабавала іх спыніць, цікаўныя натоўпы мірных жыхароў, якія, хутчэй, дэманстравалі сваё суперажыванне дзеянням «вагнераўцаў», роспач сталічных «сілавікоў», рой бізнесджэтаў, якія па меры набліжэння прыгожынцаў разляталіся з Масквы ў розныя бакі, прычым сярод іх быў і «борт № 1» — усё гэта не можа быць часткай распрацаванай Крамлём стратэгіі. Менавіта таму, што такая карцінка наносіць занадта моцны ўдар як па іміджы Расіі, так і па іміджы самога Пуціна. 

Увесь свет на ўласныя вочы пабачыў, што Расія — не проста калос на гліняных нагах. Яна, як высветлілася, ужо мае моцны нахіл, які пагражае падзеннем у любы момант. І Пуцін анічога ня можа з гэтым зрабіць.

Той факт, што Прыгожын не дайшоў да Масквы, зусім не сведчыць пра ўстойлівасць расійскага рэжыму. Хутчэй, гэта сведчыць пра нежаданне самога Прыгожына браць на сябе адказнасць за тое, што магло б адбыцца ў далейшым.

Яшчэ адно пасведчанне адсутнасці стратэгіі за недамецяжом — гэта нечаканае ўзвялічванне Лукашэнкі ў вачох расійскай публікі ў ролі «ратаўніка Расіі». Відавочна, што такое магло адбыцца толькі спантанна. Ну хто ж з палітыкаў будзе публічна распісвацца ў тым, што ён не можа даць рады ўнутранай праблеме, і толькі ўмяшальніцтва кіраўніка суседняй краіны дазваляе яе вырашыць?

Існуе вялікая імавернасць таго, што меркаванне Лукашэнкі наконт размяшчэння ў Беларусі «вагнераўцаў» цікавіла расійскае кіраўніцтва ў апошнюю чаргу. Але атрымалася тое, што атрымалася: вобраз Лукашэнкі ў вачох расійцаў узрос, а Пуціна — папсаваўся. Таму цяпер, па лёгіцы, Пуціну варта шукаць магчымасці прынізіць Лукашэнку ў вачох расійцаў. Вось толькі заявы пра Польшчу і ядзерную зброю пакуль працуюць, хутчэй, на павялічэнне сімпатыяў да Лукашэнкі з боку радыкальнай часткі насельніцтва Расіі.

Глядзіце таксама

Перспектывы глабальныя

Як было сказана вышэй, група «Вагнера» — гэта не толькі вайна ва Украіне. Гэта яшчэ і вялікія інтарэсы Расіі ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Гледзячы па рэякцыях, мяцеж выклікаў вялікую заклапочанасць з боку афрыканскіх саюзнікаў Расіі. На што міністру замежных спраў Лаўрову давялося пераконваць іх, што анічога істотнага ў агульнай сітуацыі не адбудзецца. Маўляў, адбудзецца замена некаторых камандзіраў, і ўсё. 

І сапраўды, акрамя інфармацыі пра арышт некалькіх афіцэраў ПВК у Сірыі, іншых зменаў не адбылося. У той жа час, вялікая група наймітаў (як паведамляецца, да 5 тысяч чалавек) была размешчана ў Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы дзеля «забеспячэння стабільнасці» пад час канстытуцыйнага рэферэндуму. На гэтым рэферэндуме, які праводзіўся 30 ліпеня, жыхары краіны мусілі даць адказ, ці згодныя яны з тым, што тэрмін знаходжання на прэзідэнцкай пасадзе павялічыцца з пяці да сямі год, а абмежаванне на колькасць пераабранняў будзе прыбрана. Усё, як любяць дыктатарскія рэжымы па ўсім свеце. Нягледзячы на тое, што апазіцыя заклікала да байкоту, мала ў каго існуюць сумненні, што папраўкі ў канстытуцыю будуць «афіцыйна» ўхвалены.

Тое ж тычыцца і іншых лакацыяў, дзе знаходзяцца сілы групы «Вагнера». Так, праз некалькі дзён пасля мяцяжу Крэмль запэўніў Халіфу Хафтара, што 2 тысячы наймітаў з групы «Вагнера» застануцца ў Лівіі і будуць працягваць сваю звычайную працу. Таксама было сказана, што адбудуцца некаторыя змены ў кіраўніцтве, але ўсе рэсурсы і кантакты захаваюцца. Увогуле, усе сотні кампаніяў, якія раней дзейнічалі пад прыгожынскім «парасонам», працягнуць дзейнічаць і далей у інтарэсах расійскага кіраўніцтва.

Тым больш, што менавіта ад кіраўніцтва пакуль залежыць дабрабыт персаналу кампаніі. Сімбіёз — ён працуе ў два бакі. І калі расійскае кіраўніцтва залежыць ад групы «Вагнера», дык і група «Вагнера» залежыць ад расійскага кіраўніцтва. Таму адбудзецца, магчыма, толькі некаторы рэбрэндынг, падобны таму, які адбыўся пасля паразы «Славянскага корпусу» ў Сірыі ў канцы 2013-га.

Праз тое, што група «Вагнера» не з’яўляецца нейкай суцэльнай адзінкай, а кангламератам розных групаў, якія знаходзяцца ў рознай ступені блізказці да асноўнай кампаніі Прыгожына — «Канкорд Мэнэджмент і Кансалтынг», можна казаць, што здзейсніць гэта можна адносна без вялікіх праблемаў. Паралельна будзе «дэгераізавацца» вобраз Прыгожына. Гэтай задачы, магчыма, была падпарадкаванай публікацыя вядомага фотаздымку, на якім Прыгожын сядзіць на ложку ў намёце лагеру пад Асіповічамі. Ну вельмі мала гэтая карцінка падобна на падтрымку гераічнага іміджу лідара недамецяжу, які паспяшаўся перайсці ў катэгорыю недапалітыкаў.

Глядзіце таксама

Перспектывы беларускія

Перабазаванне часткі групы «Вагнера» ў Беларусь цалкам зразумела выклікала пытанні і спробы зразумець, якія планы хаваюцца за гэтым рашэннем. І нават калі рашэнне было спантанным, каб ліквідаваць канкрэтную пагрозу, народжаная па выніку сітуацыя ўсё роўна патрабуе свайго аналізу, каб зразумець, якія небяспекі яна нясе для нашай краіны. 

Існуюць некалькі версіяў таго, што будуць рабіць тыя «вагнераўцы», якія апынуліся ў Беларусі. Кожная з іх мае свае нюансы, у тым ліку, як бы тое не падалося парадаксальным, станоўчыя. 

Адна з версіяў, якая ўжо дэманстрацыйна пацвярджаецца, гэта «вагнераўцы» ў якасці інструктараў для беларускай рэгулярнай арміі. Але ў такой ролі яны ўяўляюць сабой сумнеўны кантынгент. Безумоўна, досвед баявых дзеянняў у іх маецца, у тым ліку — супраць падрыхтаваных па НАТАўскіх стандартах падраздзяленняў. Але, як паказала яшчэ практыка Сірыі, метады вядзення баявых дзеянняў засталіся на ўзроўні Другой сусветнай. То бок, завальванне варожых пазіцыяў мясам. Пытанне, канечне, хто ўваходзіць у кантынгент «інструктараў»: былыя «спецы», якія прыйшлі ў ПВК пасля службы ў адмысловых аддзелах кадравага войска, ці навербаваныя ў хуткім парадку ўмоўныя «зэкі» з 10-дзённай падрыхтоўкай, якім пашчасціла ацалець у «мясных» атаках.

«Інструктаж» «вагнераўцаў» мае яшчэ адзін аспект. Яны, можа, і патрыёты Расіі, але відавочна не патрыёты тамтэйшага міністэрства абароны і ягонага кіраўніцтва. Пытанне, як яны ставяцца і да Пуціна. Наўрад ці яны не будуць трансляваць свае стаўленні і настроі сваім беларускім «падапечным». І на які, у такой сітуацыі, вынік могуць разлічваць тыя, хто прыдумаў рабіць з іх настаўнікаў для беларускага войска? Можна, канечне, спадзявацца на тое, што ідэалагічныя службы будуць апрацоўваць беларускіх байцоў у «патрэбным» кірунку. Але хто будзе мець больш аўтарытэту ў жаўнераў — ідэолагі, ці ветэраны з баявым досведам? У любым выпадку, матывацыю ваяваць за Расію гэта не павысіць. Але пэўнае ўяўленне, як паводзіць сабе пад час баявых дзеянняў, беларускія жаўнеры могуць атрымаць.

Размяшчэнне групы «Вагнера» (той часткі, якая прыбыла ў Беларусь) побач з месцамі захоўвання ракетных комплексаў «Іскандэр» наводзіць некаторых на думкі, што ў функцыі групы будзе ўключанай і задача па ахове гэтых аб’ектаў. Для гэтай версіі існуе шэраг пярэчанняў. Некаторыя ўказваюць на неадпаведнасць у храналогіі: «Іскандэры» перабазаваліся ў Беларусь у красавіку — за пяць месяцаў да мяцяжу «вагнераўцаў». Улічваючы, што мяцеж не з’яўляўся часткай нейкай стратэгіі расійскага кіраўніцтва, дык размяшчэнне патэнцыйных ядзерных зарадаў да «вагнераў» не мае аніякага дачынення.

Канечне, «бліскучая» ідэя выкарыстоўваць наймітаў для аховы ядзернай зброі магла прыйсці пазней — гэтак жа знянацку, як і ідэя «схаваць» «вагнераўцаў» у Беларусі. Але ейная «бліскучасць» настолькі відавочна, што наўрад ці хто-небудзь вырашыцца даверыць ахоўваць (!) ядзерную зброю (!) людзям, якія толькі што ўчынілі антыдзяржаўны мяцеж з прымяненнем зброі супраць узброеных сілаў гэтай дзяржавы.

Але геаграфічная блізкасць лагеру «вагнераўцаў» і патэнцыйная месца складавання ядзерных запасаў (паўгадзіны на машыне) міжволі выклікае сувязь паміж гэтымі цудоўнымі феноменамі зямлі беларускай. Па-першае, калі Прыгожын меў нахабства зладзіць паход на Маскву, вынікі якога, адзначым, шмат хто з цікаўнасцю (не з варожасцю) чакаў у Расіі, дык ён можа і крыху падняць стаўкі: захапіць ядзерныя зарады і працягнуць сваю палітычную гульну, ужо ўзмоцненую ядзернай зброяй. І хоць шанцы на такое развіццё падзеяў мінімальныя, ахове аб’ектаў імавернага размяшчэння ядзерных боепрыпасаў варта не губляць пільнасць.

Іншая справа, што аб’яднанне ў адзіны асацыятыўны шэраг «вагнераўцаў» і ядзернай зброі можа выкарыстоўвацца як новы ўзмоцнены тып зброі псіхалагічнай, накіраванай, у першую чаргу, на заходнюю аўдыторыю. Маўляў, глядзіце: вось малакантраляваныя азвярэлыя зэкі-вагнеры, якія ў любы момант могуць выйсці з-пад кантролю і тады кепска будзе ўсім. Таму давайце хутчэй дамаўляцца, каб не спаліць выпадкова Еўропу ў вогнішчы ядзернай вайны. 

Калі каму ядзерная пагроза з боку «вагнераўцаў» падаецца надта нерэалістычнай, дык можна ж і па-іншаму. Напрыклад, праз пагрозы суседнім краінам «звычайнымі» баявымі дзеяннямі. Канечне, мала хто верыць у поўнамаштабную атаку, як гэта анансавалася, у раёне Сувалкскага калідору. Гэта быў бы надта відавочны «dumb way to die», нават для «вагнераўцаў». У 2018-м яны спрабавалі «нахрапам» узяць газапераапрацоўчы завод у Сірыі. Вынік усім вядомы. У іх няма ні дастатковай людской сілы, ні неабходнай тэхнікі (бронеаўтамабілі «Шчука» у лепшым выпадку могуць выконваць транпартыроўкавыя функцыі, але ў аніякім разе не баявыя). 

Затое можна паверыць у магчымасць арганізацыі правакацыяў на мяжы, ці нават, пранікнення асобных групаў «вагнераўцаў» на тэрыторыі суседніх дзяржаў. Імаверна, суседнія краіны ў першую чаргу непакоіць менавіта такая перспектыва. І чым больш будзе дэманстравацца такая занепакоенасць, тым больш актыўна яе будуць выкарыстоўваць лукашэнкаўскі і пуцінскі рэжымы для аказання ціску на грамадства і палітыкаў заходніх краін. А там — хто яго ведае, можа, падгарнецца магчымасць і сапраўды нейкую правакацыю зладзіць, ужо на тэрыторыі ЕС? Пры слабой стратэгіі такія тактычныя крокі, як памятаем, давалі некаторыя часовыя плюсы.

Глядзіце таксама

 «Прадчуванне грандыёзнага шухеру»

Тут варта звярнуць увагу на часовасць таго, што адбываецца. Уся гэтая «гульня на нервах», яна ж таксама працуе ў два бакі. Чым гучней прамаўляе Лукашэнка пагрозы ў бок Захаду, тым больш ён пераконвае той самы Захад у сваёй поўнай неадэкватнасці і небяспецы для міру і стабільнасці. А гэта ўсё больш пазбаўляе яго (Лукашэнку) магчымасці пераканаць Захад у неабходнасці захавання ягонага рэжыму ў далейшым. Любая «ўдалая» правакацыя будзе значыць удар у адказ. І наўрад ці тут будзе шанец прыкрыцца заявамі, што, маўляў, гэта не мы — гэта «вагнераўцы». Хоць яны, у такім выпадку, таксама атрымаюць сваё. Цяжкага ўзбраення ў іх няма, і доўга трымаць абарону супраць залёвы з снарадаў (як тое было 7 лютага 2018-га ў Сірыі) яны не здолеюць, якія б абарончыя канструкцыі на беларускай тэрыторыі яны не ўзводзілі.

Увогуле, гісторыя з «недамецяжом» і ліхаманкавым перабазаваннем часткі расійскай ПВК на тэрыторыю Беларусі наводзіць на «прадчуванні грандыёзнага шухеру», які ў любы момант можа накрыць Расію. Нечаканасць выступлення Прыгожына, роўна як і рэакцыя на яго з боку расійскага насельніцтва ўказваюць на тое, што глеба для паўтору падобнага, але, можа, у большых маштабах, цалкам сабе існуе. Пацвярджэннем таму можна лічыць і дэмарш генерал-маёра Папова, які 12 ліпеня выступіў з рэзкай заявай наконт дзеянняў вышэйшага вайсковага кіраўніцтва, і арышт Гіркіна-Стралкова. 

Нягледзячы на тое, што цяпер, падаецца, у расійскай улады атрымалася крыху «згладзіць» вынікі і прыгожынскага мяцяжу, і звароту Папова, для яе яшчэ далёка не ўсё скончылася. Наступ на «ваенкораў», якія дазваляюць сабе крытыкаваць і вядзенне баявых дзеянняў, і палітыку расійскага кіраўніцтва ўвогуле, можа, прымусіць іх маўчаць, але не вырашыць праблемаў, якія яны агучваюць. А назапашванне нявырашаных праблемаў, асабліва ва ўмовах «закручвання гаек» прывядзе да непазбежнага выбуху. Вось тады ўсё і будзе вырашацца.