Віктар Бабарыка «загучаў» па-беларуску

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал прэтэндэнта ў прэзідэнты.

Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка

Раніцай 14 чэрвеня афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі паведаміў аб тым, што ў сайта ўдзельніка выбарчай кампаніі з'явілася версія на беларускай мове.
«Сябры! У нас даўно пыталіся, калі ж мы пачнём размаўляць з беларусамі ў тым ліку па-беларуску. Мы абсалютна згодны, гэта важна — улічваць інтарэсы кожнага. Таму мы рады паведаміць: у сайта babariko.by з’явілася беларускамоўная версія! Чытайце ўсё пра нас на мове, якая вам блізкая. Кнопка выбару знаходзіцца ўверсе справа. Дзякуй усім! Мы разам, на якой бы мове ні размаўлялі!» — паведамляецца ў тэлеграме.


На сайце babariko.by з'явілася опцыя выбару мовы, беларуская версія даступная па спасылцы babariko.by/by.
Раней Віктар Бабарыка выказваўся па моўным пытанні: ён падтрымлівае раўнапраўнае вывучэнне ў Беларусі трох моваў — беларускай, рускай і англійскай.
«Я мару, каб большая частка беларусаў размаўляла як мінімум на трох мовах, — сказаў ён. — З майго пункту гледжання, самае правільнае — пабудова сістэмы адукацыі, дзе тры мовы ў роўнай ступені пачынаюць ўводзіцца з першага класа. Трэба рыхтаваць выкладчыцкі склад, ўзмацняць яго».
Разам з тым Бабарыка перакананы, што трэба «адназначна выводзіць беларускую мову як асаблівасць, адметную рысу нацыі беларусаў».
«Я, на жаль, не так часта карыстаюся роднай мовай, але мне было б вельмі прыемна, каб за мяжой нас пазнавалі менавіта па беларускай мове», — растлумачыў ён.