Ля Камароўкі працягваюцца выбарчыя пікеты. УЖЫВУЮ

14 чэрвеня ў Беларусі працягваецца збор подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі. Да канца збору подпісаў засталося менш за тыдзень. Свабода вядзе жывую трансляцыю з Камароўскага рынку ў Мінску, дзе праходзяць пікеты ў зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду.

14 чэрвеня ля Камароўскага рынку стаяць некалькі намётаў ініцыятыўных груп: Сяргея Чэрачня, Валера Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Андрэя Дзмітрыева. На 12-ю гадзіну 14 чэрвеня анансавалі збор подпісаў ля Камароўскага рынку таксама Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Юрась Губарэвіч, але пакуль іх няма. Чэргаў ля намётаў сёння не відаць.
Ініцыятыўная група патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай збіраць подпісы ў Мінску больш не будзе: 11 чэрвеня Ціханоўская абвясціла аб прыпыненні збору подпісаў на пікетах у Мінску і абласных цэнтрах да канца тыдня. Прычынай стала небяспека правакацый. У іншых гарадах збор подпісаў працягваецца. Муж Святланы Ціханоўскай блогер Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў карцары ў следчым ізалятары № 1, яго будуць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзідэнцкіх выбараў.
Раней на подступах да Камароўкі людзі выстрайваліся ў кіламетровыя чэргі, каб аддаць голас за Ціханоўскую і іншых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.
Збор подпісаў будзе працягвацца да 19 чэрвеня. Цяпер патэнцыйных кандыдатаў 14, у іх ліку Аляксандар Лукашэнка. Некаторыя з прэтэндэнтаў заяўлялі, што выкарыстоўваюць гэты этап толькі для агітацыі, але не маюць мэты трапіць у бюлетэні.